Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Справа "Аб безбар'ерным асяроддзі" Рычарда Паўлоўскага: другое паседжанне

24/09/2012

21 верасня г. г. у судзе Першамайскага раёна горада Мінска адбылося другое паседжанне па справе "Аб прымусе да прывядзення дома ў адпаведнасць з будаўнічымі нарматывамі і стварэння безбар'ернага асяроддзя".

Нагадваем падрабязнасці судовай справы: пазоўнікам выступае Рычард Паўлоўскі, інвалід-калясачнік. Адказчык - будаўнічая арганізацыя Х. Сутнасць цяжбы: Рычард Паўлоўскі заключыў дамову з будаўнічай арганізацыяй Х "на стварэнне аб'екта долевага будаўніцтва жылога дома па адрасе: г. Мінск, пр-т Машэрава, 43. Указаны жылы дом прыняты ў эксплуатацыю ў снежні 2010 г. (іскавая заява істца)". Аднак пасля агляду дома Паўлоўскі выявіў некалькі неадпаведнасцяў нормам безбар'ернага асяроддзя. У добраахвотным парадку забудоўшчык адмовіўся ліквідаваць гэтыя парушэнні. Рычард Паўлоўскі падаў іскавую заяву ў суд.

На другім слуханні адказчык прызнаў некаторыя патрабаванні іскавай заявы істца: адсутнасць пандуса ля ўваходу ў памяшканне таварыства ўласнікаў і неадпаведную нормам безбар'ернага асяроддзя вышыню парогаў на шляху да ліфтавай групы. Кампенсацыю маральнай шкоды, ацэненай істцом у 10 мільёнаў рублёў, адказчык не прызнаў. "Мы лічым, што патрабаванні істца па кампенсацыі маральнай шкоды не адпавядаюць яго парушаным правам і яго маральным пакутам. Можа быць, у істца ёсць іншая кватэра, у якой ён мог бы пражываць?" - заявіў прадстаўнік адказчыка. На што суддзя лагічна прапанавала маладому юрыстконсульту будаўнічай арганізацыі Х паспрабаваць пабыць на месцы Паўлоўскага і паспрабаваць ацаніць маральныя пакуты.

Цікавую пазіцыю занялі і трэція асобы, запрошаныя на пасяджэнне. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна, чый галоўны архітэктар папісваў акт здачы дома ў эксплуатацыю, цвёрда заявіла: "Патрабаванні істца неабгрунтаваныя". Кропка. Прадстаўнік Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Галоўдзяржбудэкспертыза", які прымаў праект будынка, распавёў, што на іх экспертную ацэнку быў прадстаўлены праект толькі "нулявога" цыкла, г.зн. цокаль дома. "Праект тыпавы. Дом стандартны, а не спецыяльны для людзей з інваліднасцю. Ні мы, ні заказчык не прадугледжвалі, што ў ім будуць жыць інваліды. А безбар'ернае асяроддзе павінна выконвацца толькі ў спецыяльных дамах". Такое меркаванне прадстаўніка  "Галоўдзяржбудэкспертызы". Гэтую "ўзрушаючую" думку падхапіў адказчык: "У дамах, спецыяльна не прадугледжаных для інвалідаў, дапускаецца не будаўніцтва пандуса, а проста адведзенае для яго месца. Калі мы праектавалі дом, адкуль мы ведалі, што Паўлоўскі будзе ў ім жыць. Таму ўладкаванне безбар'ернага асяроддзя - гэта, так бы мовіць, наша добрая воля". "Пазоўнік, ці разумееце Вы розніцу паміж словамі "можа" і "абавязаны"? - працягвае тэму суддзя, мабыць, мяркуючы, што ў гэтай сітуацыі якраз дарэчы слова "можа".

"Таксама я хачу зразумець, якое прававое абгрунтаванне таго, што мы абавязаны прывесці дом у адпаведнасць з нормамі безбар'ернага асяроддзя? - Працягвае адказчык. - І хто абавязаны фінансаваць гэта? Мы ўпэўненыя, што дзяржава! Зусім не на нашай арганізацыі ляжыць абавязак фінансавання гэтых нормаў. Мы прыватная кампанія".

Шкада, што падчас судовага паседжання нельга задаваць пытанні ўдзельнікам. А суддзя Першамайскага суда горада Мінска, на жаль, пытанне аб належным і абавязковым выкананні "Дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2011 - 2015 гады" адказчыку не задала...

Яна толькі сказала: "Пазоўнік ўжо загнаны ў кут. Хоць, ён, вядома, хоча і мае права безбар'ерна трапляць у сваю кватэру..."

Працяг разгляду справы "Аб безбар'ерным асяроддзі" Рычарда Паўлоўскага прызначаны на 27 верасня (пачатак у 10.45).

Даведка: Падрабязнасці першага пасяджэння тут: (http://www.disright.org/ru/news/delo-o-bezbarernoy-srede-richarda-pavlovskogo).