Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Праект «Маніторынг безбар'ернага асяроддзя» працягваецца

13/12/2012

7 снежня ўдзельнікі праекта "Маніторынг безбар'ернага асяроддзя" правялі чарговыя тэсты інструмента для вывучэння даступнасці архітэктурных аб'ектаў, будынкаў і збудаванняў. У гэты раз даследаванні праводзіліся на новай станцыі мінскага метрапалітэна "Пятроўшчына", а таксама ў кінатэатры "Бярэсце". З-за ўмоваў надвор'я абследаваць наземны маршрут паміж аб'ектамі не атрымалася - нечаканы снег змяніў планы ўдзельнікаў.

У маніторынгу прынялі ўдзел члены кааліцыі "Даступнасць", прадстаўнікі ГА "Беларускае таварыства глухіх", спецыялісты па безбар'ерным асяроддзі ААТ "Мінскметрабуд" і КУП "Мінскі метрапалітэн", журналісты беларускіх выданняў.

Кіраўніцтва КУП "Мінскі метрапалітэн" з разуменнем паставілася да праекту і дало дазвол на здымкі і вымярэнні, а таксама дапамагло арганізаваць тэсты, забяспечыўшы доступ да многіх аб'ектаў станцыі. Аднак нават гэта не дапамагло ўдзельнікам спусціцца ў метро. Ліфт быў, але не працаваў. А платформа для пад'ёмніка, для якой прадугледжана месца на станцыі "Пятроўшчына", пакуль яшчэ адсутнічала з тэхнічных прычынаў. "Зыходзячы з таго, што мы нават не змаглі спусціцца ў метрапалітэн, можна сказаць, што станцыя "Пятроўшчына" не даступная для людзей з інваліднасцю, - каментуе сітуацыю менеджэр праекта "Маніторынг безбар'ернага асяроддзя" Галіна Крот. - Трэба аддаць належнае, што многія прыстасаванні для ўніверсальнага дызайну прысутнічаюць. Гэта і ліфт, і абазначальныя стужкі, і пандусы, і парэнчы. Але немагчымасць спуску - велізарны мінус. Чалавек проста не зможа скарыстацца іншымі патрэбнымі прыстасаваннямі". Супрацоўнікі метрапалітэна прапаноўвалі сваю дапамогу для спуску. "Мы знясем Вас уніз. Нашы супрацоўнікі прайшлі інструктаж, - прапанаваў начальнік службы руху метрапалітэна Рыгор Якімкаў. - Вы павінны звярнуцца да кантралёра. І пры адсутнасці ліфта мы спусцім Вас па прыступках або па эскалатары, пасадзім у цягнік і паведамім цягніковаму дыспетчару, каб Вас на станцыі прызначэння сустрэлі і даставілі аж да паверхні зямлі". Але супрацоўнікі метрапалітэна не праходзілі спецыяльнай падрыхтоўкі для перамяшчэння людзей з інваліднасцю. Уладзімір Патапенка, старшыня "Беларускага таварыства інвалідаў" папрасіў свайго памочніка прадэманстраваць, як гэта неабходна рабіць. Аднак гэта не выйсце - а калі Вы падышлі да ўваходу ў метро, ​​але да кантралёра яшчэ вельмі далёка і перадаць яму сваю просьбу проста не ўяўляецца магчымым...

Але вось удзельнікі маніторынгу спусціліся на платформу. Вышыня ад платформы да падлогі ў вагоне - 12 сантыметраў замест патрабаваных 5 см. Ізноў абмежаванні для чалавека ў інваліднай калясцы. "Існуе пэўны памер кола, нормы допуску... - адказвае Рыгор Якімкаў. - І 12 сантыметраў таксама ў межах нормы. Калі больш народу ў вагоне, ён прасядае, там ужо менш розніца будзе". "Зноў жа, заехаць у вагон Вам дапамогуць супрацоўнікі метрапалітэна!" - запэўнівае кіраўніцтва.

Наступны аб'ект маніторынгу - кінатэатр "Бярэсце". "На першы погляд, што адразу кідаецца ў вочы нават без асаблівых даследаванняў, - візуальна не акрэслены шляхі падыходу для чалавека з інваліднасцю. Такі ўваход знаходзіцца ззаду будынка, і, калі Вы пра гэта не ведаеце, то проста не знойдзеце яго, - распавядае ўдзельнік праекту Таццяна Крышталь. - Далей - парушэнні ва ўваходны групе. Дзверы павінны распахвацца, а гэтыя дзверы чалавек з інваліднасцю сам, без старонняй дапамогі, не адчыніць. Касы - вельмі высока размешчана акенца, дзе прадаюць квіткі. А туалет, размешчаны ў падвале! Туды нельга спусціцца нават з дапамогай 4-х чалавек, якіх нам прапаноўвалі ў метро". "Паводле міжнародных стандартаў, да якіх мы імкнемся, калі ў будынку або збудаванні недаступна нешта адно, то аб'ект лічыцца недаступным, - падагульніла Галіна Крот. - Правёўшы дзьве гадзіны ў "палях", мы можам канстатаваць - пакуль культурны вольны час не для інвалідаў: мы не проста не зойдзем у кінатэатр, мы нават не зможам да яго даехаць. Што тычыцца тэсту самога інструмента даследавання, мы будзем яго дапрацоўваць з улікам атрыманага досведу. На жаль, з-за адсутнасці некаторых прыстасаванняў, мы не можам правесці тэсты ўсяго інструменту".

Нагадваем, што рэалізацыя праекта Офіса па правах людзей з інваліднасцю "Маніторынг безбар'ернага асяроддзя" пачалася ў ліпені 2012 года. Праект скіраваны на стварэнне інструмента маніторынгу безбар'ернага асяроддзя і яго пілотнае прымяненне. У рамках праекта кааліцыя "Даступнасць" і запрошаныя эксперты праводзяць аналіз існуючых інструментаў маніторынгу безбар'ернага асяроддзя, а таксама падрыхтуюць "Дапаможнік для правядзення маніторынгу безбар'ернага асяроддзя", на прыкладзе выбраных аб'ектаў інфраструктуры праводзяць пілотнае прымяненне інструмента маніторынгу. Вынікі будуць прэзентаваныя падчас круглага стала ў снежні гэтага года.