Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Офіс па правах людзей з інваліднасцю прадстаўляе «Этикет инвалидности»*

05/05/2012

У Беларусі больш за 500 000 людзей з інваліднасцю. Можа быць у Вашай сям’і няма такога чалавека. Але азірніцеся вакол — гэта могуць быць Ваш сябра, калега па працы, дзелавы партнёр, сусед або аднакласнік дзіцяці, выпадковы спадарожнік у цягніку або чалавек, які стаіць побач у чарзе ў паліклініцы або ў краме. Гэта кожны 20-ы з нас. Як сябе паводзіць з такім чалавекам? Як мімаволі не пакрыўдзіць падвышанай увагай або стараннасцю? Або, наадварот, паказной абыякавасцю да праблемы?

На ўсе гэтыя пытанні ёсць адказ — «Этикет инвалидности»*, які адаптаваў і выдаў Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Гэтая кніга прызначана для ўсіх, хто хоча больш эфектыўна ўзаемадзейнічаць з людзьмі з інваліднасцю. «Этикет инвалидности» дапаможа Вам пераадольваць бар’еры, якія часта ўзнікаюць пры зносінах з людзьмі, якія маюць разнастайныя абмежаванні, у розных сітуацыях: на працы, у побыце, у транспарце, у сферы паслуг. Так, напрыклад, калі кіраўніцтва і супрацоўнікі выкарыстоўваюць этыкет інваліднасці , іх калегі з інваліднасцю адчуваюць сябе больш камфортна і працуюць больш прадукцыйна. Тое ж самае можна сказаць і аб кліентах кампаніі. Бо выкарыстанне этыкету інваліднасці на практыцы — гэта выдатны спосаб даць адчуць людзям з інваліднасцю, што ім рады.

Асноўныя правілы:

— Вы не павінны адчуваць сябе няёмка, размаўляючы з чалавекам з тымі ці іншымі парушэннямі. Гэты буклет утрымлівае некаторыя асноўныя парады, якіх вам трэба прытрымлівацца. І калі вы не ўпэўненыя, як узаемадзейнічаць з чалавекам, у якога ёсць інваліднасць, проста пытайце!

— Прапаноўвайце дапамогу толькі ў тым выпадку, калі чалавек прыкметна мае патрэбу ў ёй. Чалавек з інваліднасцю хутчэй за ўсё паведаміць, калі яму патрэбная дапамога. І калі яму сапраўды трэба дапамагчы, спытайце як, перш чым дзейнічаць.

— Заўсёды размаўляйце наўпрост з чалавекам з інваліднасцю, а не з тымі, хто яго суправаджаюць, памочнікам або перакладчыкам на мову жэстаў.

І галоўнае: самі людзі з інваліднасцю — лепшыя суддзі ў дачыненні да таго, што яны могуць або не могуць рабіць. Таму не прымайце за іх рашэнняў аб удзеле ў якой-небудзь дзейнасці.

Людзі з інваліднасцю — гэта людзі са сваімі сем’ямі, працай, захапленнямі, густамі, праблемамі і радасцямі. Хоць інваліднасць — гэта неад’емная частка таго, кім яны з’яўляюцца, не яна адна вызначае іх індывідуальнасць. Не рабіце з іх герояў ці ахвяраў. Стаўцеся да іх як да асобаў, якія паўнапраўна і паўнавартасна жывуць у нашым грамадстве. Бо даўно вядома, што кожнае грамадства моцнае настолькі, наколькі моцныя ўсе яго члены.

 

* Дапаможнік распрацаваны на аснове публікацыі, выдадзенай няўрадавай арганізацыяй "United Spinal Assosiation» (ЗША).

Спасылка для запампоўкі архіваванай кнігі тут