Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Інвалід-калясачнік упершыню выйграў справу аб парушэнні нормаў безбар’ернага асяроддзя (абноўлена)

03/09/2012

Упершыню ў Беларусі судова ўстаноўлена вінаватасць адказнай арганізацыі (Бабруйскае ўнітарнае камунальнае даччынае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства) за парушэнне нормаў безбар’ернага асяроддзя. Пацярпелы пры гэтым інвалід-калясачнік атрымаў кампенсацыю за маральную шкоду. Устаноўлена прамая сувязь паміж віной ў парушэнні нормаў безбар’ернага асяроддзя і парушэньнямі правоў чалавека з інваліднасцю.

Гарадскі суд г. Бабруйска задаволіў іскавую заяву Сяргея Мацкевіча, інваліда 1-й групы, да Бабруйскага ўнітарнамага камунальнага даччынага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства аб кампенсацыі маральнага ўрону.

Слуханне праходзіла пры адчыненых дзвярах, прысутнічалі прадстаўнікі грамадскасці і прэсы. Аднак фота і відэаздымка падчас слухання былі забароненыя. Агульны настрой залы адлюстроўваў будучае рашэнне суддзі - адказчык павінен панесці пакаранне за невыкананне нормаў безбар’ернага асяроддзя. Аднак у самім будынку суда пандус адсутнічаў, затое была абсалютна неверагодная лесвіца, падняцца па якой Сяргею Мацкевічу дапамагаў супрацоўнік міліцыі.

Увесь працэс слухання, вынясення і абвяшчэння рашэння заняў каля 2-х гадзін. У ходзе слухання адказчык прывёў дзіўныя, з пункту гледжання закона, довады: «Пазоўнік павінен быў шукаць іншы шлях, у яго была магчымасць прайсці дадатковыя 100 метраў і перайсці па пешаходным пераходзе. Пазоўнік павінен быў выклікаць супрацоўніка ДАІ і супрацоўніка дарожнага ўпраўлення, каб зафіксаваць вышыню бар’ернага каменя. І наогул, тое, што ён абраў самастойна свой шлях - гэта азначае, што парушыў правілы дарожнага руху». Аднак адказчык прызнаў, што пешаходны пераход не адпавядае тэхнічным патрабаванням.

На заўвагу істца, што апошні «мае права разлічваць, што ўсе дарогі адпавядаюць нормам», «як можна «на вока» вызначыць вышыню бардзюра?» і «чалавек мае права разлічваць, што заканадаўства выконваецца ў поўнай меры», адказчык адказаў: «Спадзявацца на дзяржаву і на свае сілы - розныя рэчы. Трэба было вярнуцца на 100 метраў і перайсці вуліцу ў бяспечным месцы». Апошнія дзве фразы вельмі выразна паказваюць стаўленне асобных прадстаўнікоў грамадства да правоў людзей з інваліднасцю: выратаванне тапельцаў - справа рук саміх тапельцаў.

Вынясенне рашэння заняло 30 хвілінаў. Суддзя задаволіла іскавую заяву істца і вынесла рашэнне спагнаць на карысць Мацкевіча 2 мільёны рублёў і судовыя выдаткі. Агульная сума склала 5 мільёнаў рублёў.

Таксама суддзя вынесла прыватнае вызначэнне: дырэктару Бабруйскага ўнітарнага камунальнага даччынага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства ліквідаваць парушэнні ў адпаведнасці з нормамі безбар’ернага асяроддзя.

Сітуацыю каментуе каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі: "Для Офіса прынцыпова важным з’яўляецца адзначыць той факт, што чалавек з інваліднасцю здолеў адстаяць свае правы ў судзе. Гэта важна яшчэ і таму, што зварот да правасуддзя за абаронай правоў чалавека з інваліднасцю вельмі рэдкая з’ява. І гэта зусім нездавальняючая сітуацыя для грамадства - нявер’е ў правасуддзе. Таму мы выказваем задавальненне вынікамі судовага разбору, і выказваем надзею, што і ў далейшым для правасуддзя не застанецца чымсці дзіўным задавальненне пазову людзей з інваліднасцю ў аднаўленні сваіх правоў».

Нагадваем, што ў чэрвені 2012 года ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю з пытаннем аб парушэнні норм безбар’ернага асяроддзя звярнуўся Сяргей Мацкевіч, інвалід 1-й групы (be/news/invalid-kalyasachnik-padau-iskavuyu-zayavu-u-sud-ab-kampensacyi-maralnay-shkody). Пасля кансультацый з юрыстамі Офіса пацярпелы падаў іскавую заяву аб кампенсацыі маральнай шкоды ў суд.

14 жніўня з. г. адбылося папярэдняе слуханне па пазове Сяргея Мацкевіча да Бабруйскага ўнітарнамага камунальнага даччынага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства. Сёння, 23 ліпеня 2012 года, адбылося фінальнае слуханне. Пазоў С. Мацкевіча быў задаволены.

Па пытаннях гэтай справы можна звяртацца да прэс-сакратара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Таісіі Пастуховай (+375 25 9717179, e-mail: pr@disright.org).