Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Інфармаванне людзей з інваліднасцю аб іх правах - галоўная задача Офіса па правах людзей з інваліднасцю

03/08/2011

Супрацоўнікі Офіса па правах людзей з інваліднасцю правялі рабочую сустрэчу з жыхарамі Дома-інтэрната для пенсіянераў і інвалідаў № 1 у Мінску. Тэма сустрэчы: Правы чалавека з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь. Заканадаўства, якое рэгулюе пытанні правоў чалавека з інваліднасцю.

Сяргей Драздоўскі (каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю) азнаёміў прысутных з заканадаўчымі актамі, якія рэгулююць пытанні правоў чалавека з інваліднасцю, а таксама патлумачыў асноўныя прынцыпы, якія павінны выконвацца ў грамадстве: «Мы ўсе роўныя перад законам. Для дзяржавы чалавек з інваліднасцю - гэта такі ж грамадзянін, як і ўсе астатнія. Яго правы забяспечаны Канстытуцыяй нашай краіны. Аднак чалавек з інваліднасцю мае некаторыя абмежаванні, абумоўленыя яго здароўем, фізічным або разумовым станам. І таму ёсць неабходнасць у стварэнні спецыяльных законаў, якія закліканы ўраўноўваць магчымасці. Да прыкладу, Закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь і Закон аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў».
Вольга Трыпуцень (юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю) распавяла аб асноўных правах людзей з інваліднасцю, у прыватнасці аб праве на працу: «Права на працу - гэта асноўнае права чалавека. Калі чалавек мае магчымасць рэалізоўваць гэтае права, то ў вачах грамадскасці такі чалавек выглядае паўнацэнным як асоба. Кожны з нас мае права на выбар прафесіі, зыходзячы з уласнага паклікання і жадання. У грамадстве абавязкова павінен выконвацца наступны прынцып: забарона дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці. Гэта значыць, наймальнік не мае права адмовіць Вам у працаўладкаванні толькі таму, што Вы маеце тую ці іншую форму інваліднасці».
Таксама было ўзнятае пытанне індывідуальнай праграмы рэабілітацыі: «ІПР складаецца з трох асноўных частак: медыцынская рэабілітацыя, прафесійная і працоўная рэабілітацыя і сацыяльная рэабілітацыя. ІПР павінен мець кожны чалавек з інваліднасцю, які прэтэндуе на працаўладкаванне. Наймальнік таксама мае права папрасіць прад'явіць гэты дакумент».
Удзельнікамі сустрэчы была паднятая вострая праблема недасканаласці поўнага дзяржаўнага забеспячэння, праблема парушэння недатыкальнасці прыватнага жыцця. Відавочным было няведанне сваіх правоў з боку тых, хто прыйшоў на сустрэчу з прадстаўнікамі Офісу. Таксама быў прыведзены шэраг канкрэтных выпадкаў парушэння правоў чалавека, якія патрабуюць разгляду. Зыходзячы з першай такой сустрэчы, Офіс бярэцца падрыхтаваць бібліятэчку заканадаўства і перадаць яе ў бібліятэку Дома-інтэрната.