Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Офіс па правах людзей з інваліднасцю на круглым стале ГА "Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў"

08/12/2011

 

7 снежня 2011 адбыўся круглы стол, арганізаваны грамадскай арганізацыяй "Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў". Галоўная тэма сустрэчы: сацыяльная адаптацыя і рэабілітацыя людзей з інваліднасцю. 
Выступаючы перад прысутнымі, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык кафедры рэабілітацыі ДІКСТ БДУ, старшыня праўлення ГА БАСР Эдуард Збароўскі сказаў: “Паняцце інваліднасці змяняецца ў нашым грамадстве. Калі раней мы разглядалі інваліднасць як медыцынскую праблему, то цяпер мы надаём большую ўвагу сацыяльным пытанням, у прыватнасці пытанням павышэння ўзроўню сацыяльнай абароненасці, а таксама паўсюднага ўключэння ў паўнацэннае жыццё людзей з інваліднасцю. Чалавек з інваліднасцю, як і любы іншы член грамадства, павінен мець магчымасць самарэалізацыі ў соцыуме. Сістэма дамоў-інтэрнатаў не спрыяе гэтаму, бо ў падобных установах чалавек з інваліднасцю разглядаецца, як пацыент. Ён цалкам залежны ад персаналу і адміністрацыі, акружаны не заўсёды патрэбнай гіперувагай. І не мае ніякага права выбару. Мы ж павінны развіваць сістэму сацыялізацыі людзей з інваліднасцю, заснаваную на прынцыпах партнёрства, супрацоўніцтва і роўнасці. Менавіта такім уяўляецца новы праект “Клубны дом”. 
Спадар Збароўскі прывёў станоўчыя прыклады дынамікі стану людзей з псіхічнымі расстройствамі пры ўключэнні іх у паўнавартаснае грамадскае жыццё: “Звесткі навуковых даследаванняў у ЗША паказваюць, што пры інавацыйных падыходах у сацыяльнай рэабілітацыі, на 25% зніжаецца патрэба ў медыцынскім абслугоўванні і ў прэпаратах. На 15% зніжаецца залежнасць ад старонняй дапамогі, ад датацый. Чалавек, які пачынае адчуваць сваю неабходнасць грамадству, адшуквае іншыя, схаваныя раней рэзервы, для барацьбы з хваробай”, - падкрэсліў сп. Збароўскі.
Падобнае меркаванне выказаў і прадстаўнік міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Мікалай Арол: “Статыстыка такая: цяпер у краіне функцыянуе 76 дамоў-інтэрнатаў для пажылых людзей і інвалідаў. У іх пражывае 17500 чалавек. Аднак трэба разумець, што дамы-інтэрнаты - гэта не выйсце з сітуацыі. Галоўная задача, якая стаіць перад намі - гэта магчымасць вярнуць дзеяздольнасць чалавеку з інваліднасцю, вярнуць яго ў грамадства і даць права выбару, як і дзе жыць. Прыкладам ўкаранення новых праграмаў сацыяльнай рэабілітацыі можа служыць Багушэўскі дзіцячы дом, дзе юнакі і дзяўчаты праходзяць праграму выхавання ў сабе самастойнасці”.
Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, падняў праблему інваліднасці з гледзішча правоў чалавека. “Інваліднасць, - сказаў ён, - гэта не праблема чалавека з інваліднасцю. Гэта праблема грамадства, якое не можа забяспечыць гэтаму чалавеку магчымасць рэалізоўваць свае правы і весці паўнавартаснае жыццё грамадзяніна і асобы. Інстытут дамоў-інтэрнатаў толькі падкрэслівае гэтую праблему. Хіба пражыванне на закрытай тэрыторыі паводле кімсьці ўсталяванага рэжыму спрыяе поўнаму ўключэнню чалавека ў жыццё грамадства? Дзяржава павінна ствараць умовы для людзей з інваліднасцю ў звычайным жыцці, а не ў спецыяльных установах”. Гаворачы аб праблеме дзеяздольнасці, С.Драздоўскі заявіў: “Дзеяздольнасць - гэта праблема № 1 у сістэме правоў людзей з інваліднасцю. У цяперашні час у нашым заканадаўстве няма дастатковай рэгуляванасці ў гэтай сферы. Пазбаўленне дзеяздольнасці - гэта грамадзянская смерць для чалавека. Ён не проста не можа працаваць. Ён перастае існаваць, як грамадзянін. Наша грамадства можа сабе гэта дазволіць?”
У ходзе круглага стала прайшла прэзентацыя праекта “Клубны дом”, як альтэрнатывы амбулаторных рэабілітацыйных мерапрыемстваў у сістэме псіхіятрычнай дапамогі Беларусі, а таксама як важнага кроку да рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў. Вольга Рыбчынская, вядучы спецыяліст праекта “Клубны дом” распавяла аб праекце: “Клубны дом - гэта мадэль сацыяльнай службы для людзей з псіхічнымі захворваннямі, якая дапамагае арганізоўваць жыццё за межамі бальніцы. Клубны дом дапамагае прайсці шлях ад пацыента да асобы і вяртае адчуванне ўласнай значнасці і страчаныя навыкі для вяртання да жыцця, якое прыносіць задавальненне. Правілы клубнага дома простыя, але эфектыўныя: сяброўства, супрацоўніцтва, салідарная адказнасць і ўдзел у кіраванні”.
Аналізуючы новы праект ГА БАСР ”Клубны дом”, С. Драздоўскі адзначыў: “Офіс па правах людзей з інваліднасцю вітае і падтрымлівае праект. Стандарты “клубнага дома” адпавядаюць прынцыпам Канвенцыі аб правах інвалідаў. “Клубны дом” дае магчымасць чалавеку з інваліднасцю для самарэалізацыі і дапамагае ўключыцца ў паўнавартаснае жыццё грамадства”.
Кожнае грамадства моцнае настолькі, наколькі моцныя ўсе яго члены. Меркаванні спікераў і гасцей, выказаныя падчас круглага стала па сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, толькі пацвердзілі гэтую ісціну.