Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Што зрабіць, каб дзяржпраграма не была фармальнасцю?

01/04/2015

Шэраг грамадскіх арганізацый, што працуюць у тэме інваліднасці, не задаволены новай дзяржаўнай праграмай, якую плануюць прыняць на наступны перыяд. Што прапануюць эксперты і юрысты, якія штодзённа сутыкаюцца з дадзенай тэмай  ў сваёй працы?

Праграмы сталі “традыцыйнымі”

Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю:

– Існуючыя ў нашай краіне законы, што тычацца людзей з інваліднасцю, падмацоўваюцца рэалізацыяй дзяржаўных праграм. Найбуйнешая з іх – прадухіленне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў, другая – стварэнне безба’ернага  асяроддзя для паслабленых асоб. Безумоўна, гэта не ўсе, але асноўныя праграмы. Акрамя таго, у любую галіновую праграму ў той ці іншай ступені павінны ўваходзіць пытанні інваліднасці.    

Звычайна праграмы разлічаны на пяць гадоў, таму важна да іх падрыхтоўкі падыходзіць грунтоўна: ад гэтага залежыць эфектыўнасць рэалізаціі мерапрыемства па сацыяльнай абароне людзей з інваліднасцю. Папярэднія дзяржаўныя праграмы рыхтаваліся з розным па маштабе ўкладам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый асоб з інваліднасцю. Магу адзначыць, што на першыя дзяржпраграмы НДА ўплывалі больш, таму дакументы былі больш дзейсныя, але паступова праграмы пачалі пераўтварацца ў “традыцыйныя”. Калі прааналізаваць папярэднія праграммы, то можна заўважыць: адзін дакумент дублюе другі, дзейнасць паўтараецца, змяняюцца толькі лічбы – тэрмін, паказчыкі і г.д.

Апошнім часам амаль усе грамадскія арганізацыі сыходзяцца ў меркаванні: эфектыўнасць дзяржпраграм дастаткова нізкая. Незадаволенасць вынікамі здзяйснення падштурхнула грамадскасць пачаць абмяркоўваць будучыя дакументы загадзя. Год назад прыйшлі да высновы: вузкія праграммы сёння не дазваляюць вырашаць праблемы інваліднасці, таму важна распрацаваць комплексную праграму інтэграцыі людзей з інваліднасцю, што дазволіць ахапіць інваліднасць як распаўсюджаны феномен у грамадстве, які немагчыма абмежаваць толькі сацыяльным абслугоўваннем і сацыяльнымі паслугамі.

Мы ўдзельнічалі ў праекце фарміравання канцэпцыі гэтай праграмы, выказвалі сваё меркаванне аб тым, якім павінен быць дакумент. У лістападзе нам прапанавалі азнаёміцца з канцэптам праграмы, што падрыхтавала Міністэрства працы і зацвердзіў Савет Міністраў. Мы зразумелі: нашы прапановы засталіся непачутымі. НДА, якія працуюць у сферы інваліднасці, адзінагалосна падагульнілі: прапанаваная канцэпцыя не суадносіцца з рэчаіснасцю і не можа паўплываць на вырашэнне праблем людзей з інваліднасцю.  

Патрэбен кантроль!

Міхаіл Антоненка, прадстаўнік ГА “БелТІЗ”:

– Мы настойвалі на тым, каб у новай дзяржаўнай праграме прасочваліся прынцыпы Канвенцыі ААН па правах людзей з інваліднасцю. Магчыма, гэтага  не адбылося таму, што Беларусь папала ў кароткі спіс краін, якія не падпісалі канвенцыю. Падпісанне дакумента накладае пэўныя абавязкі : кіраўніцтву краіны прыйдзецца актыўна працаваць.

Сярод нашых прапаноў было таксама прадугледжанне адказнасці за нездзяйсненне пунктаў дзяржпраграмы. Часта атрымліваецца так: грошы патрацілі – “безбар’еркі” няма! Напрыклад, дасюль для інвалідаў па зроку няма ў краіне ніводнага безбар’ернага аб’екта. Для чалавека без зроку першая і апошняя прыступкі лесвіцы павінны выдзяляцца па колеры і па форме, то бок быць яркімі і рэльефнымі. У нас часта так: шмат дзе першую і апошнюю прыступку фарбуюць і ўсё, да і гэтага хапае ненадоўга – фарбы сціраюцца. Гэтыя мерапрыемствы, атрымліваецца, бессэнсоўныя не тое, што для цалкам сляпых, але і для тых, хто дрэнна бачыць…

Важна кантраляваць працэс выканання праграм, а таксама разглядаць магчымасць адміністратыўнай адказнасці асоб, якія адказваюць за выкананне праграмы. Гэта, лічу, дапаможа пазбегнуць справаздач “для галачкі” па выкананні важных дзяржаўных праграм, бессэнсоўнай траты грошай, а таксама з цягам часу паспрыяе  фарміраванню даступнага асяроддзя.

Некаторыя групы “не заўважылі”

Алена Цітова, старшыня Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам:

– Я прадстаўляю меркаванне суполкі людзей, дакладней – нашых дзяцей, якія маюць пэўныя асаблівасці інтэлектуальнага развіцця. Мы, бацькі, з’яўляемся тымі, хто цалкам пражывае жыццё сваіх дзяцей побач з імі, таму ведаем асноўныя праблемы. Неаднойчы на падставе свайго асабістага досведу і міжнароднага вопыту пісалі прапановы пад розныя нарматыўныя акты. Некаторыя з прапаноў прымаліся. Напрыклад, мы спрабавалі ўзаконіць механізм сумеснага пражывання дарослых з інтэлектуальнымі парушэннямі паза межамі сям’і і інтэрнатаў. 

Нашы прапановы для дзяржпараграмы былі заснаваны на міжнародным заканадаўстве і нормах, якія даўно існуюць ў Еўропе. Мы прапанавалі вылучыць людзей з інтэлектуальнымі асаблівасцямі развіцця ў асобную суполку, прадугледзеўшы спецыфічныя механізмы падтрымкі. Мы выступаем за суправаджэнне і індывідуальны падыход. Калі нас восенню пазнаёмілі з канцэптам праграммы, зразумелі: наша группа ўвогуле не разглядаецца, нічога для яе не прадугледжана.

І яшчэ вельмі турбуе раз’яднанасць праблем інваліднасці між рознымі структурамі – міністэрствамі і арганізацыямі. Нашы дзеці замацаваны адразу за трыма міністэрствамі, што вельмі ўскладняе жыццё. Новая канцэпцыя ніяк станоўча не ўплывае на гэты недахоп.

Мы прапанавалі замацаваць пры Мінпрацы грамадскіх кансультантаў, якія  маглі б трансляваць інтарэсы пэўнай групы людзей з пэўнай інваліднасцю. Прадстаўнікі НДА знаходзяцца бліжэй да праблем, таму могуць парэкамендаваць аптымальнае рашэнне пэўнага пытання. Калі рашэнне прымаецца на вышэйшым узроўні без уліку рэчаіснасці, змены часта не вядуць да лепшага.

Трэба пашыраць даступнасць

Святлана Ганеева, старшыня Беларускага таварыства глухіх:

– Безбар’ернае асяроддзе патрэбна не толькі для людзей з інваліднасцю, яно зробіць больш зручным жыццё кожнага з нас. Але і гэта не ўсё. Важна прасоўваць ідэю даступнасці, прычым не толькі архітэктурнай, але і іншых відаў – той жа інфармацыйнай. Напрыклад, людзі, якія не чуюць, не могуць карыстацца беларускім тэлебачаннем. Тэлебачанне – сродак атрымання важнай інфармацыі і навін, але яно цалкам недаступнае для людзей без слыху…

Ніяк не вырашана пытанне экстрэннай сувязі. Адсутнасць слыху не дазваляе вызваць хуткую дапамогу, міліцыю і пажарных. Такая інфармацыйная праблема старая, ёй больш за дзесяць гадоў, але дасюль ніякага адлюстравання яна не атрымала ў дзяржаўных праграмах.

“Дзяржпраграма – фіктыўная паперка”

Уладзімір Патапенка, старшыня Беларускага таварыства інвалідаў:

– Я быў пастаянным удзельнікам сустрэч, на якіх абмяркоўваліся новыя дзяржпраграмы, удзельнічаў нават у фармаванні першай такой праграмы. Некалі, яшчэ пры абмеркаванні першай дзяржаўнай праграмы, прапановам грамадскіх арганізацый аддавалася перавага. У склад першай дзяржпраграмы ўвайшлі мерапрыемствы, які фінансаваліся дзяржавай, але выконваліся пры падтрымцы НДА. Я кажу пра адукацыю людзей з інваліднасцю, працаўладкаванне, прафарыентацыю, развіццё фізічнай культуры і спорту, у тым ліку сярод дзяцей, якія мелі нейкія асаблівасці. 

Але апошнім часам, я лічу, тэме інваліднасці ў Беларусі ўвагі надаецца ўсё менш і менш, між тым у свеце – наадварот. У першай праграме было каля трох соцен мерапрыемстваў, зараз – значна менш. Яшчэ адна праблема – скарачэнне агульнага фінансавання. Акрамя таго, ніхто не кантралюе выдзяленне сродкаў і ажыццяўленне канкрэтных мерапрыемстваў.

Я вельмі песімістычна гляджу на тую праграму, якую жадаюць узгадніць. Я не спадзяюся на эфектыўнасць яе выканання, на запланаваныя мерапрыемствы. Я ўвогуле больш не спадзяюся на гэтыя дакументы. Новая дзяржпраграмма, што хутка будзе прынята, – яшчэ адна фіктыўная паперка,прадпісанне якой можна выконваць, а можна і не выконваць…

На першым месцы – асоба

Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю:

– Калі ўважліва прачытаць праграмы, то зразумеем, што яны маюць на мэце ўдасканаленне сістэмы, і нідзе не фігуруе чалавек… Усюды – набыццё тэхнічных сродкаў, новае абсталяванне… І нідзе нічога пра чалавека. Самы вялікі недахоп дзяржпраграм у тым, што ў іх не ўлічаны не толькі прынцыпы міжнароднай Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю, але і нацыянальнае заканадаўства па сацыяльнай падтрымцы, дзе ў цэнтры стаіць чалавек і павышэнне якасці яго жыцця. Менавіта якасць жыцця павінна быць галоўнай. Да прыкладу, гэта значыць, што ў нас узрастае колькасць не паніжаных бардзюраў, а людзей, якія бесперапынна могуць рухацца.

Менавіта таму мы не проста крытыкавалі, мы прапаноўвалі сваё бачанне новай дзяржпраграмы. Націск мы ставілі на так званай суб’ектнасці паслуг, калі чалавек з інваліднасцю ўжо не проста пасіўны спажывец, а валадар сваёй волі. Важна, каб чалавек з інваліднасцю мог сам выбіраць, што для яго лепш.

Найбольш паспяховай была праграма да 2000 года, таму што грамадскія арганізацыі ўнеслі свае прапановы па яе ажыццяўленні . І такое супрацоўніцтва вельмі карыснае, таму што рэалізацыя пэўных рашэнняў немагчыма  без удзелу грамадскіх арганізацый.

Мы лічым, што новая праграма не ўлічвае старыя недахопы і памылкі, бо не праводзіўся ніякі аналіз тых дзяржпраграм, якія існавалі да гэтага часу. Між іншым, вельмі часта менавіта аналіз дазваляе рухацца наперад…