Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Імкнуцца стаць на месца чалавека з інваліднасцю. У Століне прэзентавалі маніторынг дасяжнасці

08/06/2018

28 траўня ў горадзе прайшла прэзентацыя вынікаў праекту “Роўныя Роўным”, які быў прысвечаны маніторынгу безбар’ернага асяроддзя ў горадзе.

Сумесная праца розных арганізацый

За апошні год Столін заваяваў славу аднаго з найбольш актыўных гарадоў у кампаніі “Павестка 50”, а міні-праект, які рэалізуецца ў горадзе, прываблівае ўвагу не толькі саміх ягоных арганізатараў, але і ўдзельнікаў кампаніі з усёй Беларусі. Падчас рэалізацыі праекту “Роўныя Роўным” адбывалася ацэнка дасяжнасці розных устаноў Століна і Столінскага раёна. Вынікам праекта стане даведнік дасяжнасці, які ўжо зараз ёсць у працоўнай версіі.

— Напачатку мы планавалі даследаваць 40 аб'ектаў, але ў выніку іх атрымалася ў два разы болей. На дадзены момант мы даследавалі каля 80% ад запланаванай колькасці аб'ектаў і падрыхтавалі працоўны варыянт даведніка, — распавядае Міхаіл Скрабейка, каардынатар праекту “Роўныя Роўным”.

У рэалізацыі праекту ўдзельнічалі як недзяржаўныя арганізацыі, так і мясцовая ўлада. Сярод партнёраў —упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Столінскага райвыканкама, БелАДДІіМІ, БелТІЗ, раённы аддзел адукацыі, а таксама ініцыятыўная група бацькоў.

Для даследавання арганізатары распрацавалі карткі-анкеты з 5 пытаннямі. Каардынатарам праекту было важна даведацца пра паркоўку, пад’езд у будынак, уваход у будынак, як абсталявана ўнутранае памяшканне ды туалет.

Па словах Міхаіла Скрабейкі, дзяржаўныя органы вельмі станоўча рэагавалі на даследаванне. Праблемы і непаразуменні ўзніклі з прыватнымі ўстановамі. Яны часта пыталі: “Чаму? Навошта?” ды прасілі грошай на перабудову памяшкання.

Але былі і прыемныя выключэнні. У адной з крамаў дырэктар так захапіўся ідэямі безбар’ернага асяроддзя, што самастойна пачаў правяраць дасяжнасць. Ён сеў у вазок і даследаваў сваю краму.

Прэзентацыя маніторынгу дасяжнасці. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Для кіраўніцы аддзелу кіравання па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Галіны Варапаевай “Роўныя Роўным” стаў першым праектам грамадзянскай супольнасці, у якім яна ўдзельнічае.

— Мы шмат сутыкаліся са злобай ды крыўдай, усе кажуць, што ў іх няма грошай. Прыходзілася тлумачыць, што мы у дадазеным выпадку не размяркоўваем грошы. Мы імкнуліся данесці, што дасяжны доступ у памяшканні патрэбны ў першую чаргу самім уладальнікам бізнесу, каб людзі з інваліднасцю маглі стаць вашымі кліентамі, прыйсці за кветкамі, вопраткай. Мы імкнуліся паставіць уладальнікаў на месца чалавека з інваліднасцю. Калі вынік нашай працы — даведнік — спатрэбіцца хаця б пяці людзям, то, я лічу, мы зрабілі вялікую справу, — адзначыла Галіна.

Безбар’ернае асяроддзе ў прыярытэце

Зараз безбар’ернае асроддзе — прыярытэт пры будаўніцтве ў Столінскім раёне. Галіна Варапаева кажа, што патрабуецца здаваць новыя аб’екты ў адпаведным стане. Але нягледзячы на гэта ўсё роўна часта здаюць будынкамі з недастатковай дасяжнасцю. Часта бывае так, што пандус, падаецца, ёсць, але ім немагчыма карыстацца.

Галіна Пятроўна пайшла далей і арганізавала маніторынг аб’ектаў не толькі ў Століне, але і ў Столінскім раёне. Вынікі не вельмі натхняюць: цалкам дасяжныя з усіх правераных аб’ектаў толькі 16%, 29% часткова дасяжныя, а недасяжна больш за палову будынкаў — 54,5%.

Акрамя дасяжнасці аб’ектаў ў Століне ёсць адзін светлафор з гукам і чатыры спецыялізаваных аўтобуса.

Па меркаванні Уладзіміра Грыба з Цэнтру падтрымкі маладых інвалідаў, сітуацыя з дасяжнасцю ў Століне змянілася досыць моцна за апошнія 10 гадоў.

На сустрэчы намеснік дырэктара Офісу па правах людзей з інваліднасцю Міхаіл Мацкевіч зазначыў, што варта гаварыць аб дасяжнасці не толькі для людзей у вазках, але і пра іншыя катэгорыі інваліднасці: людзей з парушэннямі зроку, слыху. Таксама фізічна паслабленыя асобы — гэта і пенсіянеры, і мамы з вазкамі, і часова траўмаваныя асобы.

Міхаіл Мацкевіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Галіна Варапева кажа, падобны праект — першы ва ўсёй Берасцейскай вобласці. Дзякуючы гэтаму да праэкта прыцягнута вялікая ўвага з боку мясцовых уладаў. У праекта ўжо ёсць першыя дасягненні. Так, каля мясцовай крамы “Хлебасоль” пасля маніторынга зладзілі спецыяльную стаянку для людзей з інваліднасцю, а таксама зрабілі дасяжны для людзей з інваліднасцю па зроку ўваход у банк.

Праз даведнік да інклюзіўнага турызму

Аднак мэта даведніка – не толькі зафіксаваць стан безбар’ернага асяроддзя на Століншчыне, але і паспрыяць развіццю інклюзіўнага турызму.

Усяго на Століншчыне зарэгістравана 5 тысяч чалавек з інваліднасцю, то бок, каля 7% ад агульнай колькасці насельніцтва раёна. Развіццё дасяжнасці для бізнесу — гэта не крок міласэрднасці, гэта рацыянальны крок, шлях атрымання новых кліентаў.

— Калі зрабіць Столінскі раён першым дасяжным у Беларусі, то прыедзе шмат людзей проста паглядзець, як гэта рэалізавана, — кажа Міхаіл Скрабейка. — Пакуль што сітуацыя не выглядае вельмі натхняльнай. Напрыклад, у заказніку “Альманскія балоты” ёсць турыстычная сцежка, але яна недасяжная для чалавека, якія перасоўваецца ў інвалідным вазку.

Ацаніць даведнік зацікаўленая публіка здолее ўжо зусім хутка — у жніўні. Электронная версія даведніка будзе распаўсюджвацца праз старонку праекту ў Facebook, а таксама на сайтах ТЦСАН і райвыканкама.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Арганізатары бясплатна раздадуць амаль две сотні друкаваных даведнікаў. Яны будуць знаходзіцца ва ўсіх установах, якія былі ацэненыя, а таксама у мясцовым архітэктурным бюро, райвыканкаме, ТЦСАН і іншых зацікаўленых структурах. Так Столін зробіць яшчэ адзін крок на шляху да дасяжнасці.

***

Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.

  

Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.