Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Адзін у полі не ваяр, але разам мы можам шмат

21/12/2017

У Шчучыне людзі з інваліднасцю вучыліся лідарству і адвакатаванню сваіх інтарэсаў.
 
“ЕўраБеларусь” ужо пісала аб праекце, які рэалізуецца ў рамках кампаніі “Павестка 50” у Століне. Яшчэ адным пілотным горадам, у якім ідзе праца над стварэннем мясцовай павесткі імплементацыі Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю, з’яўляецца Шчучын. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала яго і завітала на двухдзённую “Школу лідара”, якую ў рамках праекта “Актыўная супольнасць” правяла Гродзенская абласная арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
 
“Школа лідара” была накіравана на тое, каб навучыць удзельнікаў ствараць каманду і разам працаваць дзеля вырашэння праблем. У трэнінгу, значная частка якога была прысвечана навыкам адвакатавання і самадапамогі, узялі ўдзел найбольш актыўныя гараджане, сярод якіх – наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю і дзённага знаходжання для пажылых людзей ТЦСАН, бацькі дзяцей з інваліднасцю, супрацоўнікі ТЦСАН Шчучынскага раёна.

А вось прадстаўнікі грамадскіх арганізацый пакуль займаюць у горадзе не надта актыўную пазіцыю.
– Цягам шматгадовага досведу працы з людзьмі з інваліднасцю я зразумела, што не трэба культываваць сацыяльнае ўтрыманства. На жаль, ёсць такія сем’і, у якіх думаюць толькі аб тым, што ім нешта павінны. Але ж многія пытанні можна вельмі проста вырашыць уласным удзелам. Дзякуючы актыўнай пазіцыі кожнага чалавека можна дасягнуць вельмі добрых вынікаў для паляпшэння жыцця, – мяркуе каардынатарка праекта “Актыўная супольнасць” ад Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Інэса Ларыёнава. – Па вялікім рахунку, трэба разлічваць на сябе і сваіх блізкіх. Бо хто, як не сам чалавек, разумее, што яму трэба? Не кіраўнікі дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый. Пачынаць трэба з сябе і рушыць маленькімі крокамі.
 
Інэса Ларыёнава заўважае, што цягам апошніх гадоў менталітэт людзей істотна мяняецца, і з’яўляецца ўсё больш тых, хто гатовы дамагацца роўнасці. У гэтым можна было пераканацца і падчас працы “Школы лідара”: нават сярод знаёмых многія ўдзельнікі нечакана праявілі сябе людзьмі дзейснымі і матываванымі. Пры дапамозе спецыяліста Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алены Паўлянковіч яны цягам двух дзён стваралі каманды, аналізавалі праблемы, з якімі сутыкаюцца ў Шчучыне людзі з інваліднасцю, акрэслівалі патрэбы, дзеянні, рэсурсы, вучыліся прасоўваць свае інтарэсы.
 
– Мы зразумелі, што адзін чалавек у полі не ваяр, праблемы трэба вырашаць супольна, – падзялілася ўражаннямі ад трэнінгу яго ўдзельніца Ганна.
Яе падтрымаў і наведвальнік аддзялення дзённага знаходжання людзей з інваліднацю ТЦСАН Дзмітрый:
– Трэба быць адной камандай. Я даведаўся, што ўсё трэба рабіць пакрокава, і каб нечага дасягнуць, трэба да гэтага імкнуцца.
 
– Хочацца спадзявацца, што ўдзельнікі праекта зоймуць больш актыўную жыццёвую пазіцыю, а таксама што людзі, якія павінны аказваць дапамогу, не будуць працаваць паводле прынцыпу “нанесці непазбежнае дабро”Бо часам нам здаецца, быццам мы лепей ведаем, што патрэбна чалавеку і гвалтоўна яго “заганяем у рай”. Таму дасягненнямі ініцыятывы павінны стаць уменні пачуць і зразумець адзін аднаго, а таксама наладзіць узаемадзеянне, – дзеліцца чаканнямі Інэса Ларыёнава.
 
Дзеянні па вырашэнні пытанняў правоў людзей з інваліднасцю ў горадзе і раёне знаходзяць падтрымку з боку адміністрацыі Шчучынскага райвыканкама. Паралельна з трэнінгам у нас была магчымасць сустрэцца з намесніцай старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганнай Хвядзюк. Па яе словах, праект “Актыўная супольнасць” вельмі важны для рэгіёна, а дзяржаўныя органы і грамадскія ўстановы маюць намер зрабіць усё магчымае, каб асобы з інваліднасцю не адчувалі сваіх абмежаванняў.
На сустрэчу завітала і каардынатарка праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі Наталля Стасевіч. Яна адмыслова прыехала ў Шчучын і распавяла пра магчымасці ўдзелу ў міжнародных праектах, у тым ліку і ў межах трансгранічнага супрацоўніцтва. Таксама Наталля Стасевіч нагадала, што не варта звужаць разуменне Канвенцыі выключна да фізічнай альбо ментальнай інваліднасці.
– Гэта датычыцца элементарных пытанняў правоў чалавека. Людзі з інваліднасцю – такія ж грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і ў іх таксама павінна быць магчымасць наведваць культурныя мерапрыемствы, атрымліваць эстэтычнае задавальненне. У групах узаемадапамогі яны павінны навучыцца казаць пра тое, чаго яны хочуць, чаго ім не хапае. 
 
Першая такая нагода з’явіцца ўжо ў студзені ў рамках усё таго ж праекта “Актыўная супольнасць”: удзельнікі збяруцца за круглым сталом, каб абагульніць усе даследаваныя патрэбы, а пазней іх чакае пасяджэнне каардынацыйнага міжведамаснагам савета, дзе будуць абмяркоўваць вырашэнне праблем людзей з інваліднасцю.
 
Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.
 
Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.