Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase

Горячая линия офиса
+375 (17) 256-08-29

Як жывуць і працуюць людзі з інваліднасцю – латвійскі досвед

07/12/2017

Сацыяльнае прадпрымальніцтва, занятасць як рэабілітацыя і “момант адпачынку” за кошт мясцовага самакіравання і спонсараў.
Канвенцыя па правах людзей з інваліднасцю, якую Беларусь падпісала больш за два гады таму, прадугледжвае роўны падыход у забеспячэнні ўсіх правоў, у тым ліку і права на працу. У беларускім грамадстве доўга выпрацоўваўся стэрэатып, што чалавек з інваліднасцю не можа працаваць. Аднак інваліднасць не забараняе працу, а толькі абмяжоўвае яе. Гэтай праблеме адведзена значнае месца ў праекце “Роўныя – Роўным”, які рэалізуецца ў Століне пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу ў рамках кампаніі “Павестка 50”, накіраванай на рэалізацыю палажэнняў Канвенцыі на месцах.
 
У прыватнасці ў межах праекта ў столінскім Цэнтры сельскага развіцця адбыўся круглы стол “Абагульненне досведу незалежнага пражывання і безбар'ернага асяроддзя ў Латвіі і Беларусі. Працаўладкаванне людзей з асаблівымі патрэбамі праз стварэнне сацыяльных прадпрыемстваў”. Асноўным дакладчыкам выступіла кіраўнік грамадскай арганізацыі “Крылы надзеі” Эва Вількіна з горада Сігулда (Латвія). Беларускі бок прадстаўлялі кіраўнікі рамадскіх арганізацый і дзяржустаноў Століна, а таксама члены ініцыятыўнай групы бацькоў дзяцей з інваліднасцю, якія бяруць удзел у рэалізацыі праекта.
 
Як у надзеі з’явіліся крылы
Свой расповед Эва Вількіна пачала з таго, як з ініцыятывы некалькіх сямей паўстала буйная арганізацыя, якая аказвае комплексныя паслугі людзям з інваліднасцю і цяпер з’яўляецца сацыяльным прадпрыемствам.
– Напачатку, у 2003 годзе, спецыялісты адмаўляліся працаваць з дзецьмі з інваліднасцю, таму сем’і з такімі дзецьмі вырашылі аб’яднацца. Праз год удалося атрымаць невялікі бюджэт каля 7 тысяч еўра на паслугі сацыяльнай рэабілітацыі для дзяцей, – распавяла Эва Вількіна.
У 2004 годзе да ініцыятывы “Крылы надзеі” далучыліся ўжо 30 сем’яў. З таго часу мясцовае самакіраванне Сігулды стала выдзяляць арганізацыі неабходны для аказання тых ці іншых паслуг дзецям бюджэт. Паслугі – гэта рознага кшталту тэрапія, лагапедыя, догляд у працоўны час. Карыстаюцца імі дзеці не толькі з Сігулды, але і з іншых валасцей Латвіі. Справа ў тым, што ў краіне пакуль існуе ўсяго два падобныя цэнтры: акрамя “Крылаў надзеі” ў Сігулдзе яшчэ адна арганізацыя ёсць у Рызе.
– Догляд за дзецьмі з інваліднасцю дазваляе 97% бацькоў працаваць. Мы лічам, што гэта вялікая выгада для сем’яў, – адзначыла госця з Латвіі.
Але “Крылы надзеі” на гэтым не спыніліся. У 2006 годзе ўдалося адкрыць спецыяльныя класы ў агульнаадукацыйнай школе для навучання дзяцей з лёгкімі і цяжкімі пашкоджаннямі. Больш за тое: усе настаўнікі школы, нават тыя, хто не працуе ў гэтых класах, прайшлі спецыяльнае навучанне. Летась споўнілася 10 год, як класы дзейнічаюць, цяпер у іх навучаецца 39 дзяцей з асаблівасцямі.
– Мясцовае самакіраванне арганізавала транспарт, які раніцай забірае дзяцей, а днём і ўвечары прывозіць назад. Да 18 гадзін вечара дзеці могуць заставацца ў нас і праходзіць тэрапію, – распавяла Эва Вількіна.
Па словах выступоўцы, двойчы на год спецыялісты са школы і з “Крылаў надзеі” збіраюцца і абмяркоўваюць стан кожнага дзіцяці: якія метады ў яго выпадку найбольш паспяхова працуюць і што яму можна яшчэ прапанаваць. Такім чынам адзначаюць дынаміку прагрэсу і распрацоўваюць рэабілітацыйныя планы.
Рэабілітацыя занятасцю
Калі дзеці сталі падрастаць, наступным крокам “Крылаў надзеі” стала арганізацыя паслуг для маладых людзей і дарослых.
– У 2012 годзе мы сталі ствараць дзённы цэнтр і спецыялізаваныя майстэрні для маладых людзей і дарослых. Мы першапачаткова арыентаваліся на занятасць. У нашым дзённым цэнтры ўсе людзі займаюцца ў майстэрнях. У будучыні мы плануем адмовіцца ад майстэрняў і стварыць цэнтр па занятасці. Цяпер мы з сацыяльным цэнтрам абмяркоўваем магчымасць зрабіць там комплексныя паслугі, – падзялілася планамі Эва Вількіна.
 
Цяпер у цэнтры ёсць восем майстэрняў (скураная, ткацкая, швейная, мазаічная, мастацкая, свячная, керамічная, мыльная, каменнай пластыкі), у якіх з 9.00 да 13.00 працуюць людзі. Занятак ёсць для ўсіх, нават для людзей з цяжкімі пашкоджаннямі. Пасля абеду праца ў майстэрнях змяняецца рэабілітацыяй – фізіятэрапіяй, танцамі, тэатральнымі і музычнымі заняткамі.
Дзённы цэнтр для маладых людзей платны, наведванне каштуе 15 еўра ў дзень. Гэтыя грошы ідуць на аплату памяшкання, харчаванне (ежу ў цэнтры гатуюць свае кухары, і гэта, дарэчы, таксама частка рэабілітацыі: кухары вучаць гатаваць наведвальнікаў, што спрыяе іх самастойнасці), фізіяпрацэдуры. Але плацяць не сем’і, а мясцовае самакіраванне. Увогуле, у Латвіі дзяржава дапамагае арганізацыям для людзей з інваліднасцю цягам чатырох гадоў, паступова скарачаючы фінансаванне і цалкам пераводзячы яго на мясцовае самакіраванне.
Пры гэтым узровень дастатку сям’і сацыяльныя службы не ацэньваюць – наяўнасці дзіцяці з інваліднасцю дастаткова, каб можна было разлічваць на наведванне цэнтра. Неабходны бюджэт арганізацыя разлічвае сама, сыходзячы з выдаткаў на аказанне паслуг. Летась сродкі мясцовага самакіравання на ўтрыманне цэнтра склалі каля 40%, а ўсе астатнія грошы “Крылам надзеі” ўдалося атрымаць ад спонсараў.
 
Цяпер цэнтр дасягнуў таго ўзроўню, калі ён можа прапанаваць пэўныя якасныя рэчы, зробленыя людзьмі з інваліднасцю, і атрымліваць за іх грошы. І ў 2015 годзе на яго базе было адкрыта сацыяльнае прадпрыемства. Кожны яго супрацоўнік, які вырабляе рэчы на продаж, павінен быць зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, каб яму маглі плаціць зарплату.
– Калі ў цэнтр прыходзіць чалавек, у яго запытваюца, што б ён сам хацеў рабіць. І яму даюць магчымасць паспрабаваць гэтым займацца. У дзённым цэнтры ёсць апекуны, якія дапамагаюць людзям працаваць. Пасля гэтага чалавек ідзе ў спецыялізаваную майстэрню, а наступным крокам для яго з’яўляецца сацыяльнае прадпрыемства, дзе ён можа вырабляць прадукцыю і атрымліваць за яе грошы. Пасля выхаду на рынак працы чалавек перастае знаходзіцца пад апекай цэнтра, але ў любы момант ён можа звярнуцца да нашых спецыялістаў, калі яму спатрэбіцца дапамога, – тлумачыць Эва Вількіна.
Праца знойдзецца. А жаданне?
Апроч сацыяльнага прадпрыемства на базе “Крылаў надзеі” ў 2016 годзе быў адкрыты цэнтр сацыяльнай падтрымкі “Дом надзеі”, дзе дапамагаюць мамам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сіуацыі. Таксама там ёсць паслуга для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, якая называецца “момант адпачынку” (“сацыяльная перадышка”). Яна прадугледжвае, што бацькі цягам года могуць прывезці і пакінуць там сваё дзіця на 30 сутак, а самі ў гэты час адпачыць.
Арганізацыя “Крылы надзеі” лічыцца сацыяльным прадпрыемствам, але так будзе толькі да красавіка 2018 года – гэта звязана са зменай заканадаўства.
– Цяпер у нас дзейнічае закон, паводле якога недзяржаўная арганізацыя можа займацца гаспадарчай дзейнасцю, доля якой не павінна перавышаць 50% ад асноўнай працы ўстановы. Калі бюджэт перавысіць 50%, трэба афармляцца ў іншым статусе – камерцыйным, – распавяла Эва.
У Латвіі, згодна з заканадаўствам, чалавек, які афармляе сацыяльнае прадпрыемства, павінен вырашаць грамадска значныя праблемы пры выкарыстанні бізнес-метадаў, а даход павінен укладаць у развіццё свайго прадпрыемства. Але апроч гэтага сацыяльнымі прадпрымальнікамі лічацца і тыя, хто вырабляюць тавары ці паслугі для людзей з інваліднасцю і прадаюць іх за вялікія грошы. Эва Вількіна не згодная з такім разуменнем сацыяльнага прадпрымальніцтва. Беларускія калегі падтрымалі госцю ў гэтым пытанні.
 
– Для мяне сацыяльнае прадпрымальніцтва – перадусім занятасць. І сацыяльнае прадпрыемства не можа выжыць без падтрымкі дзяржавы, – выказаў сваё меркаванне старшыня столінскага Цэнтра падтрымкі маладых інвалідаў Міхаіл Скрабейка.
Увогуле, латвійскі досвед аказаў на ўдзельнікаў праекта моцнае ўражанне. Асабліва беларускія актывісты зацікавіліся ідэяй “сацыяльнай перадышкі” для бацькоў дзяцей з інваліднасцю.
– Гэта палачка-выручалачка для бацькоў, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. У нас ёсць і непаўнагадовыя мамачкі, у якіх бацькі п’юць, таму народжаныя немаўляты аказваюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Атрымаць падтрымку ў выглядзе “сацыяльнай перадышкі” для такіх мам было б цудоўна, – мяркуе начальнік аддзела сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Столінскага райвыканкама Галіна Варапаева.
Пра досвед заснавання сацыяльнага прадпрыемства ў Століне Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавяла стваральніца і кіраўнік сацыяльнага прадпрыемства “Дарога ў жыццё” Мальвіна Выдрыцкая. У 2002 годзе яна з паплечнікамі арганізавала працоўныя керамічныя і швейныя майстэрні, якія ў 2006 годзе перараслі ва ўнітарнае прадпрыемства, што працуе і сёння.
– Чалавеку з інваліднасцю складана знайсці працу, бо, фактычна, нідзе няма працоўных месцаў, апроч сельскай гаспадаркі. Хаця я б сказала, што гэта не горшы варыянт. Напрыклад, у нашых суседзяў – Польшчы, краінах Балтыі – вельмі распаўсюджана праца людзей з інваліднасцю ў сельскай гаспадарцы. Гэта магчыма, але ўсё залежыць ад таго, наколькі сам чалавек з інваліднасцю хоча нечым займацца. Бо ў нас вельмі шмат такіх людзей, якія не прывыклі працаваць і чакаюць нейкіх прывілеяў для сябе. Але калі вы былі за мяжой, то бачылі, што там людзі з інваліднасцю працуюць на тых жа пасадах, што і астатнія. Таму перад тым, як казаць пра працаўладкаванне, трэба саміх людзей з інваліднасцю падрыхтаваць да разумення таго, што яны – звычайныя людзі, якія могуць працаваць рукамі. Але ёсць і такія, хто імкнецца і любіць працаваць. Я лічу, калі будзе мяняцца наша грамадства, будуць мяняцца і нашы людзі з інваліднасцю, – падсумавала Мальвіна Выдрыцкая. 
Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
***
Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.
ампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.