Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Рэальная праца Канвенцыі залежыць ад усіх зацікаўленых супольнасцяў і арганізацый

18/04/2018

Якія вынікі дае кампанія “Павестка 50”, што дапамагае ўвасобіць у жыццё Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю ў рэгіёнах?

Трэці год у Беларусі пры падтрымцы Еўрапейскага звязу рэалізуецца кампанія “Павестка 50”, накіраваная на імплементацыю Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю ў рэгіёнах. У рамках кампаніі ўжо шмат чаго зроблена:  праведзена даследваннегатоўнасці беларускіх гарадоў да рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі, у пяці гарадах створаны каманды мясцовых супольнасцяў, якія рэалізуюць міні-праекты па вырашэнні праблем людзей з інваліднасцю, а таксама пішуць свае лакальныя павесткі. Пра тое, як ідзе праца, а таксама рэалізуецца адна з галоўных задач кампаніі – уключэнне ў працэсы людзей з інваліднасцю, – Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” паразмаўляла з тымі, хто дапамагае ўдзельнікам кампаніі. Найперш гэта прадстаўнікі Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

Новыя ўзаемадачыненні замест “гашэння пажараў”

– За час рэалізацыі кампаніі ўзаемадзеянне паміж лакальнымі ўдзельнікамі стала больш інтэнсіўным. Яго тэмп павялічыўся і змястоўна, і па колькасці сустрэч, – зазначае дырэктар Офіса Сяргей Драздоўскі. – Ужо з’явіліся першыя вынікі дзейнасці на месцах у выглядзе рэалізацыі ўдзельнікамі міні-праектаў. Акрамя непасрэднай карысці ад саміх праектаў, з’яўляецца пазітыўнае стаўленне да самой ідэі павесткі.

І ўсё ж пакуль нельга казаць пра суцэльнае разуменне мясцовымі супольнасцямі каштоўнасцяў Канвенцыі, хоць асобныя яе аспекты – даступнасць, незалежны лад жыцця, – пачалі замацоўвацца ў свядомасці людзей. Але гэта пытанне не аднаго дня, Канвенцыя зменіць многія прынцыпы ўзаемадачыненняў паміж людзьмі і інстытуцыямі адносна праблематыкі інваліднасці. Так ужо цяпер пакрысе мяняюцца падыходы да грамадскай дзейнасці.

– Калі мы кажам пра міні-грантынг, які робяць нашыя партнёры з дацкай арганізацыі “Еўрапейскі Дом”, то для многіх беларускіх арганізацый, з якімі мы працуем, грамадская дзейнасць раней заключалася пераважна ў аказанні дапамогі, дабрачыннасці. А тыя міні-гранты, якія яны цяпер рэалізуюць, садзейнічаюць фармаванню іншага погляду на праблематыку, даюць вектар не на пастаяннае “гашэнне пажараў” і дапамогу, а на змену самой сутнасці грамадскіх узаемадачыненняў, – дадае намеснік дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Міхаіл Мацкевіч.

Можна вылучыць гэта як агульную тэндэнцыю, хаця ў шырокім сэнсе вынікі кампаніі ў розных гарадах уніфікаваць досыць складана: паміж імі захоўваецца істотны змястоўны разрыў. Ён абумоўлены адрозненнем людзей, падыходаў, супольнасцяў у розных месцах, і гэта стварае выклік для каардынатараў каманіі і прымушае іх шукаць новыя прыёмы для садзеяння падрыхтоўцы павестак.

– Наш досвед паказвае неабходнасць персаніфікаванага планавання на ўзроўні не толькі раёна, а нават канкрэтнага месца, дзе назапашваюцца праблемы людзей з інваліднасцю, – гаворыць Сяргей Драздоўскі.

Міхаіл Мацкевіч і Сяргей Драздоўскі з удзельнікамі кампаніі "Павестка 50" падчас сустрэчы ў Мінску. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Матывацыя і прынцып неўмяшальніцтва

У многім гэта стала прычынай удзелу ў кампаніі трэнераў па развіццю – іх называюць фасілітатарамі, – якія мабілізуюць прадстаўнікоў мясцовых супольнасцяў на працу. Першапачаткова іх удзел планаваўся ў якасці экспертаў па змесце і глыбокіх аспектах Канвенцыі, але цяпер найбольш актуальнай патрэбай стала мадэрацыя працэсаў у супольнасцях. Апроч таго фасілітатары забяспечваюць больш канструктыўную камунікацыю паміж рознымі бакамі, не зважаючы на статусы і пасады. Так, Юлія Станкевіч дапамагае ініцыятыўнай групе у Бабруйску. Разам яны працуюць паводле методыкі “22 крокі”, якая дазваляе паступова будаваць мясцовую павестку.

– Гэта вельмі матываваныя людзі, гатовыя абмяркоўваць і вырашаць пытанні ў сваім горадзе, – кажа Юлія пра супольнасць Бабруйска.

Там удзельнікі ўжо вызначылі праблемы ў сферы інваліднасці, якія неабходна вырашыць у іх горадзе, вылучылі прыярытэты, цяпер распрацоўваюць логіку вырашэння прыярытэтных пытанняў: мэты, задачы, чаканыя эфекты… І неўзабаве пачнуць будаваць план дзеянняў. Асноўныя складанасці, па словах Юліі, заключаюцца ў прыцягненні да працы групы ўсіх стэйкхолдараў, але гэтае пытанне стараюцца вырашаць.

– Людзі, што ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы, працуюць з разуменнем неабходнасці Канвенцыі. Галоўнае, каб яе палажэнні рэальна працавалі, а гэта залежыць ад усіх зацікаўленых супольнасцяў і арганізацый, – мяркуе Юлія Станкевіч.

Яе каляжанка Элада Гукасава працуе з камандай Століна. Самым галоўным прынцыпам такога супрацоўніцтва яна называе неўмяшальніцтва ў працэсы, якія адбываюцца на месцах.

– Мы можам выказаць сваё меркаванне, распавесці пра падобныя сітуацыі, падзяліцца сваім досведам, але мы павінны разумець, што яны на месцах лепш ведаюць пра свае праблемы і складанасці і як яны могуць быць вырашаны. Я не пішу за іх, не кажу, што рабіць і як, я натхняю іх, матывую, падтрымліваю і стараюся быць побач, калі нешта не атрымліваецца.

Каманда ў Століне складаецца і з прадстаўнікоў мясцовых уладаў, і грамадскіх арганізацый, яны досыць прафесійныя і ўжо вельмі даўно працуюць адзін з адным. Складанасці калі і ўзнікаюць, то хіба праз занятасць удзельнікаў групы, а таксама праз тое, што ва ўсіх ёсць сваё бачанне таго, як павінна быць, свой досвед і веды, але ў камандзе заўсёды імкнуцца знайсці кампраміс.

– Я вельмі натхнёная ўбачыць у праекце шмат выдатных і мэтанакіраваных людзей, мне важна, каб Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю ўсё больш пранікала ў нашы гарады. Я лічу, што гэты праект вельмі важны, і па прыкладзе гарадоў, прадстаўленых у ім, іншыя мясцовыя супольнасці змогуць падрыхтаваць свае павесткі. І, вядома, калегі ў Століне – самыя лепшыя і выдатныя, і я веру, што ў іх і ў нас усё атрымацца, – падсумоўвае Элада.

Элада Гукасава і Юлія Станкевіч (крайнія злева) сярод удзельнікаў кампаніі "Павестка 50" падчас сустрэчы ў Мінску. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Несупраціў уладаў – ужо пазітыўнае дзеянне

Падчас супольнай працы ўдзельнікі кампаніі ўжо зразумелі механізм пабудовы мясцовых павестак, але незразумелым застаецца тое, як яны будуць упісвацца ў штодзённы ўжытак.

– Традыцыйна лічыцца, што павінен быць лакальны нарматыўна-прававы дакумент, але, як паказвае практыка, у Беларусі прыняцце стратэгічных дакументаў на мясцовых узроўнях адбываецца вельмі складана, – канстатуе Міхаіл Мацкевіч.

– Няма такой практыкі, культуры прыняцця дакументаў мясцовымі саветамі. Звычайна гатовыя акты спускаюць “зверху”, – падтрымлівае калегу дырэктар Офіса.

– У гэтым сэнсе мы сутыкаемся з пытаннямі мясцовага кіравання і самакіравання. Таму ў розных гарадах праца будуецца па-рознаму, у залежнасці ад складу ўдзельнікаў супольнасцяў, якія працуюць над павесткамі, – працягвае Міхаіл.

Іншымі словамі, калі ў каманды ёсць падтрымка мясцовага выканкама, яна адчувае за сабой моц і будуе досыць шырокія планы. У іншых гарадах, дзе супольнасці ў бальшыні прадстаўляюць грамадскія актывісты, яны плануюць сваю дзейнасць сыходзячы з досведу стасункаў з дзяржаўнай уладай.

– Сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў нашых рэгіёнах не паляпшаецца, таму поспехі, якіх удаецца дасягнуць, – гэта пераадоленне інэртнасці і негатоўнасці да любых інавацый. Таму калі мы не сутыкаемся з супрацівам тых жа мясцовых уладаў – гэта ўжо пазітыўнае дзеянне, – мяркуе Сяргей Драздоўскі. – Таму што звычайна ад нас чакаюць працы апякунскага савета: “прынясіце грошай і не замінайце”. Мы грошы не прыносім, а прыносім ідэі і веды – і гэта не заўседы ўспрымаецца, як нешта каштоўнае.

Разуменне праблем патрабуе часу

Тым не менш кожнаму з пяці гарадоў ужо ёсць чым пахваліцца за час удзелу ў кампаніі “Павестка 50”. Бабруйск – адзін з гарадоў з хуткім тэмпам напісання павесткі. У Шчучыне над павесткай працуюць прадстаўнікі вельмі разнастайных устаноў і грамадскіх арганізацый, а таксама людзі з інваліднасцю і іх родныя. Давялося спыніць працу ў Лепелі (замест яго да кампаніі далучыліся Стоўбцы), бо горад мае ўласную павестку і рэсурсы, каб яе прасоўваць, таму вельмі складана ўплываць на мясцовыя працэсы. Пра Стоўбцы казаць пакуль складана, але там у працу актыўна ўключыўся мясцовы ТЦСАН, а таксама ёсць падтрымка дэпутаткі Алены Анісім. У Століне склалася добрая супольнасць мясцовых актывістаў, якія працуюць прадуктыўна і незалежна ад іншых. Валожын адначасова рэалізуе некалькі магутных праектаў па інваліднасці, у тым ліку па-за кампаніяй “Павестка 50”, і многія этапы, з якімі ўпершыню сутыкнуліся прадстаўнікі іншых гарадоў, валожынскім удзельнікам даўно знаёмыя.

– Падрыхтоўка мясцовых павестак – гэта сапраўдны выклік для нас – падсумоўвае дырэктар Офіса. – У нас ёсць чаканне нечага глабальнага, але мы стараемся глядзець на ўсе працэсы рэалістычна. Бо нельга патрабаваць ад мясцовых супольнасцяў таго, чаго яны не могуць зрабіць. Гэта і ёсць рэальная ацэнка іх гатоўнасці да рэалізацыі Канвенцыі.

Афіцыйнае завяршэнне кампаніі “Павестка 50” планавалася на канец 2018 года, але верагодна, што яна працягнецца яшчэ на паўгода. Бо, нягледзячы нават на дзяржаўныя памкненні – ратыфікацыю Канвенцыі, зацвярджэнне Нацыянальнага плана па яе імплементацыі, неабходнасць напісання ўжо сёлета першай справаздачы па рэалізацыі дакумента, – разуменне грамадствам праблем інваліднасці і правоў чалавека, да якіх апелюе Канвенцыя, прыходзіць вельмі марудна.

***

Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.

  

Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.