Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase

Горячая линия офиса
+375 (17) 256-08-29

“Павестка 50”: праблемы можна вырашыць толькі салідарнасцю і роўным падыходам

13/11/2017

У пяці беларускіх гарадах разгортваецца кампанія па ўвасабленні ў жыццё палажэнняў Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю.
Спосаб перайсці ад чакання да ўдзелу
Традыцыйна ў дзяржаве прыняцце міжнародных абавязацельстваў прадугледжвае вертыкаль: спачатку прымаецца шэраг рашэнняў на ўзроўні ўрада, пасля разглядаецца бюджэт, і толькі праз некалькі "прыступак" дакументы "спускаюцца" да ўзроўня мясцовых супольнасцяў. Але сэнс у тым, што, фактычна, любы міжнародны дакумент у сферы правоў чалавека першапачаткова створаны для людзей, якія жывуць у мясцовых супольнасцях. Атрымліваецца парадокс: нібыта дакумент арыентаваны на чалавека, але даходзіць да яго ў апошнюю чаргу. Працэс праходжання  ўсіх інстанцый і канкрэтнай рэалізацыі можа заняць дзясяткі год. Таму ў Швецыі вырашылі не чакаць, а паспрабаваць на мясцовым узроўні стварыць уласныя павесткі з тых рэсурсаў і магчымасцяў, якія былі. Рух распаўсюдзіўся ў краінах Еўропы і дайшоў да Беларусі. Спачатку не вельмі выразна ён праявіўся ў праекце “Павестка 21”, прысвечаным устойліваму развіццю на мясцовым узроўні. А каля двух гадоў таму ўвасобіўся ў кампаніі “Павестка 50”, накіраванай на рэалізацыю ў рэгіёнах палажэнняў Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Стварэнне павестак – гэта добра адпрацаваная ў многіх краінах тэхналогія пераходу ад чакання да ўласнага ўдзелу ў зменах.
– Павесткі спрыяюць стымуляванню мясцовага самакіравання і самавызначэння, каб людзі на месцах больш актыўна ўключаліся ў фармаванне жыццёвых умоў паводле прагрэсіўных мадэляў, – гаворыць дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Менавіта гэтая арганізацыя – адзін з галоўных рухавікоў пазітыўных змен у жыцці людзей з інваліднасцю ў нашай краіне. Дзякуючы ў тым ліку актыўнай васьмігадовай працы Офіса Беларусь падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. Цяпер гэтак жа актыўна ідзе праца па фармаванні мясцовых павестак.
Па словах Сяргея, адна з праблем вертыкальнай сістэмы зацвярджэння і “спуску” дзяржаўных дакументаў заключаецца ў тым, што на раённы ўзровень прыходзяць ужо гатовыя шаблоны, якія не могуць улічваць усёй мясцовай спецыфікі. Пры гэтым зваротнай сувязі адносна таго, як мясцовыя супольнасці бачаць рэалізацыю гэтых дакументаў, амаль няма.
– У гэтым – другая задача павестак. А трэцяя – самая важная – рэалізацыя аднаго з галоўных прынцыпаў Канвенцыі: уключэння. Калі мы кажам, што інваліднасць - гэта ў тым ліку праблема сегрэгацыі, выключанасці з грамадства, то зваротны працэс уключэння носіць крытычна важны характар. І самі павесткі прадугледжваюць інклюзію: іх не піша асобная група людзей з інваліднасцю, гэта робяць усе зацікаўленыя ў вырашэнні праблем чальцы мясцовай супольнасці. Такім чынам выбудоўваюцца адносіны, пры якіх кожны чалавек можа знайсці месца для свайго ўдзелу.
Часам улады кажуць, маўляў, мы клічам грамадскіх актывістаў, даводзім ім планы, а яны іх ніяк не выконваюць. А планы гэтыя нярэдка заключаюцца ў сафінансаванні. Але фінансавы ўдзел – не адзіная магчымасць. Людзі могуць паўдзельнічаць сваім валанцёрствам, інтэлектам, проста эмпатыяй – і гэта ўжо нямала.
Сацыяльныя службы нярэдка наракаюць на ўтрыманскія настроі сярод людзей з інваліднасцю, але часцей за ўсё гэта – вынік няправільнага падыходу да фармавання ўзаемадзеяння. Апроч таго вельмі часта патрэбы людзей недастаткова ўлічаны. І калі прапанаваныя паслугі не супадаюць з патрэбамі грамадзян, яны кажуць, што гэта ім не трэба, а трэба іншае.
Сёлета Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі правёў сапраўды інавацыйнае даследванне, прысвечанае гатоўнасці беларускіх гарадоў да рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі – у Беларусі складана сустрэць даследчыцкі прадукт з падобнай метадалогіяй. Даследванне ў нечым сугучнае таму, што праводзілася восем год назад. У ім прысутнічалі два кампаненты: першы – непасрэднае вывучэнне горада (наяўнасць грамадскіх сувязяў, эканамічнай, сацыяльнай актыўнасці, кропак росту і г.д.), другі быў звязаны менавіта з тэматыкай інваліднасці. Нягледзячы на досыць несуцяшальныя высновы, з амаль 20 даследаваных гарадоў вылучылі пяць: Валожын, Лепель, Шчучын, Бабруйск і Столін. Гэтыя гарады паказалі сябе як тыя, што маюць найбольшы патэнцыял для стварэння мясцовай павесткі.
– Нашы польскія калегі з фонда TUS падзяліліся досведам, якім чынам можна мысліць і планаваць сумесныя дзеянні. Для нас гэта досыць складаная задача, бо мы жывем у крыху іншай, вертыкальнай палітычнай іерархіі, – заўважае намеснік дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Міхаіл Мацкевіч. – Першы год працы мы прысвяцілі гуртаванню людзей вакол праблематыкі, правядзенню круглых сталоў у пілотных гарадах. Мы тлумачылі, для чаго робяцца павесткі, акрэслілі сваю пазіцыю як тых, хто дапамагае іх ствараць, а не піша планы за людзей з мясцовых супольнасцяў. І з гэтым усё яшчэ бываюць праблемы. Таксама часта ў адным горадзе людзі альбо не ведаюць адзін пра аднаго, альбо нейкія старыя крыўды замінаюць ім яднацца дзеля агульнай справы. І нам неабходна дэманстраваць, як у гэтым выпадку можна ўключацца ў працэс.
Таксама дацкімі партнёрамі быў абвешчаны конкурс на міні-гранты для НКА, адбыўся азнаямленчы візіт у Польшчу. Апроч таго мы шчыльна супрацоўнічалі з мясцовымі сродкамі масавай інфармацыі, бо трэба, каб людзі ведалі пра Канвенцыю і кампанію “Павестка 50”.
– Нашы калегі з Польшчы выдалі дапаможнік “22 крокі”, які ўсеабдымна ахоплівае тэхналогію падрыхтоўкі павестак з прыкладамі і ўказаннем рызык. Але практыка паказвае, што выкарыстанне такіх дапаможнікаў у нас ідзе складана – людзі проста не чытаюць кніг, – дадае Сяргей Драздоўскі. – Тым не менш, гэтая кніга з’яўляецца для нас базавай, і мы спадзяемся прасунуць яе далей.
– Мы таксама плануем стварыць сваю метадалогію як інструмент павестак, якая, спадзяемся, будзе цікавая не толькі арганізацыям, што працуюць у галіне інваліднасці, а ўвогуле мясцовым актывістам, бо ў ёй будзе апісвацца тэхналогія дасягнення палітычнай згоды, збору інтарэсаў дзеля дасягнення агульнай мэты, – анансуе Міхаіл Мацкевіч.
По словах дырэктара Офіса, цяпер рэгіёны толькі пачалі адчуваць свой патэнцыял для пераўтварэнняў. У кожным з іх выбралі стратэгію далейшых дзеянняў – для кагосьці гэта інфармаванне, для некага – шчыльнае ўзаемадзеянне адно з адным. І хоць удалося дасягнуць таго, каб прадстаўнікі розных арганізацый мясцовых супольнасцяў упершыню сабраліся разам дзеля вырашэння праблем, нельга сказаць, што дыялог розных стэйкхолдараў адбыўся.
– Зроблены толькі першыя крокі, якія могуць ні да чаго не прывесці, – даволі стрымана ацэньвае сітуацыю кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю. – Працэс камунікацыі патрабуе дадатковых высілкаў, падтрымкі, знешняй мадэрацыі. Дыскусія, што нараджаецца, – вельмі кволы парастак, які, з аднаго боку, нельга кінуць, з іншага – “перакарміць” і сапсаваць знешнім уздзеяннем. Бо яна належыць мясцовым супольнасцям, а мы толькі дапамагаем. Дыскусія – адна з каштоўнасцяў усяго праекта, і калі ён скончыцца, дыялог павінен застацца.
Варта адзначыць, што праз некаторы час пасля падпісання Канвенцыі дзяржава прыняла Нацыянальны план яе рэалізацыі. Але кампанія “Павестка 50” ніякім чынам не стварае антаганістычных адносін з дзяржавай, наадварот, удзельнікі праекта будуць імкнуцца інтэграваць мясцовыя павесткі ў Нацплан.
– Павесткі вырашаюць не толькі праблемы ў сферы інваліднасці, але і іншыя сацыяльныя задачы, – звяртае ўвагу Сяргей Драздоўскі. – Гэты досвед можна распаўсюдзіць і на праблемы экалогіі, мясцовае развіццё. Усё гэта вырашаецца пры дапамозе салідарнасці і роўнасці.

Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

* * *
Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.

Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу. У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь”Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, Fundacja TUS (Польшча) і грамадская арганізацыя “Еўрапейскі дом” (Данія).