Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Канвенцыя – супраць страхаў, бар’ераў і стыгм

27/03/2018

Ад інфармаванасці залежыць якасць жыцця, вырашылі спецыялісты ў Валожыне, і арганізавалі выязныя кансультацыі па Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю ў сельсаветах раёну. 

Попыт перавышае прапанову

22 сакавіка такая кансультацыя прайшла ў Ракаве, на ёй распавядалі пра палажэнні Канвенцыі, замацаваныя ў ёй правы і свабоды, механізмы абароны правоў людзей з інваліднасцю, а таксама пра сацыяльныя паслугі, што прадастаўляе Валожынскі ТЦСАН.

Увогуле, Валожын, бадай, лідар у Беларусі па колькасці рэалізаваных праектаў, звязаных з вырашэннем праблем людзей з інваліднасцю. Адзін з найбольш амбітных сярод іх – “Валожын без бар’ераў”, у рамках якога будуецца турыстычная база для людзей з інваліднасцю з усяго свету, якая будзе змяшчаць турзону, хостэл, канферэнц-залу, залу для харчавання. Апроч гэтага цяпер у райцэнтры працуе ўжо 14-ты (!) сацыяльны праект па вырошчванні грыбоў вешанак. Па яго завяршэнні 4 чалавекі, якія працуюць у ім і маюць інваліднасць, атрымаюць ганарары.

З такой актыўнасцю Валожын не мог абмінуць кампанію “Павестка 50”, запушчаную для найбольш паспяховага замацавання Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю ў беларускіх рэгіёнах. І мясцовыя актывісты выйгралі міні-грант Еўразвяза на рэалізацыю праекта “Распаўсюджванне і прымяненне ідэй Канвенцыі”.

Падчас кансультацыі ў Ракаўскім сельвыканкаме. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

– У гэтым праекце запланавана правядзенне 7-мі выяздных кансультацый у самых буйных сельсаветах раёна, – распавяла Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” кіраўніца ініцыятывы Ларыса Шчарбачэвіч. – Калі нам удасца сэканоміць сродкі, мы правядзем яшчэ адну, бо яны запатрабаваныя ў людзей, асабліва ў аддаленых вёсках.

“Не трымайце дзяцей дома”

Па словах Ларысы Шчарбачэвіч, людзі мала што ведаюць пра ратыфікацыю Канвенцыі. Слабая інфармаванасць – адна з асноўных праблем, якую вылучылі ўдзельнікі праекта. Таму падчас кансультацый жыхары вёсак Валожынскага раёна ў комплексе знаёмяцца і з заканадаўчай базай, і з арганізацыяй бяспекі жыцця, пра якую распавядаюць прадстаўнікі МНС і МУС, што падключаюцца да такіх выяздных імпрэз, і з паслугамі аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН. У апошнім маладым людзям з інваліднасцю дапамагаюць развіваць працоўныя навыкі, вучаць самаабслугоўванню для самастойнага жыцця, праводзяць сацыяльна-бытавую адаптацыю і заняткі па розных творчых напрамках ажно ў 12 гуртках.

– Спачатку да нас не ішлі, і я магу зразумець бацькоў дзяцей з інваліднасцю – у мяне самой сын з ДЦП, – яны баяліся, – прызнаецца Ларыса Шчарбачэвіч. – Але мама – ёсць мама, і дома ў яе дзіця, якое ў іншым месцы – дарослы самастойны чалавек. Менавіта так ён праяўляецца ў аддзяленні. Ён можа працаваць, дапамагаць даглядаць слабейшых, самарэалізоўвацца.

Ларыса Шчарбачэвіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

У аддзяленні прадастаўляюць і паслугу “сацыяльнай перадышкі”, якой можна скарыстацца два разы на месяц па суботах. Бацькі могуць зранку прывесці ў цэнтр дзяцей ад 14 год і старэйшых, і да абеду вырашаць свае справы. Праўда, паслуга платная: 3 рублі 68 капеек за гадзіну.

– Прайшоў той час, калі мы трымалі дзяцей каля сябе, жадаючы даць ім лепшае. Цяпер з’явілася шмат даступных паслуг для людзей з інваліднасцю. Нашы дзеці могуць і павінны жыць паўнавартасным жыццём – гэта я кажу з асабістага досведу. Інтэрнат – не выйсце, – пераканана кіраўніца праекта.

Яе падтрымлівае і загадчыца аддзялення першаснага прыёма інфармацыі Валожынскага ТЦСАН Алена Рай.

– У маёй 16-гадовай дачкі інваліднасць, і раней не было куды пайсці з такім дзіцем, усе паказвалі пальцам, і толькі сям’я магла нешта яму даць. Цяпер я магу выйсці на працу, ведаю, што маё дзіця дагледжана, яно можа развіць нейкія здольнасці, самарэалізавацца і быць запатрабаваным у грамадстве. Таму, калі ёсць такая магчымасць, не трымайце дзяцей дома. Яны павінны мець магчымасць сацыялізавацца, працаваць і атрымліваць зарплату, стаж. Гэта вялікі стымул.

Алена Рай. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Алена Рай распавяла і пра іншыя паслугі цэнтра, сярод іх – сацыяльная дапамога дома, юрыдычнае кансультаванне, гуманітарная дапамога, платная распілоўка дроваў і абкос падворкаў, матэрыяльная дапамога, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі і іх бясплатны пракат, бясплатны пракат дзіцячых прыналежнасцяў, бясплатныя і платныя паслугі няні, сядзелкі, дапамога псіхолагаў, працаўладкаванне.

Змены “ў галовах і душах”

Псіхолаг ТЦСАН Алена Жданюк таксама выязджае на інфармацыйныя мерапрыемствы ў рамках праекта. Яна выступае іх мадэратарам, а заадно і матыватарам, распавядаючы, што інваліднасць – не перашкода для поспеху, а асноўныя бар’еры змяшчаюцца ў нас у галаве. Спецыяльна для гэтага яна падрыхтавала прэзентацыю, у якой прыводзіць прыклады вялікіх людзей з інваліднасцю: пісьменнікаў, спартсменаў (сярод якіх – і беларускія паралімпійцы), пілотаў, мадэляў, прадпрымальнікаў, прамоўцаў, Нобелеўскіх лаўрэатаў…

– Існуе звычка казаць “мы” пра “здаровых” людзей і “яны” – пра людзей з інваліднасцю. Але інваліднасць можа здарыца з кожным, а з ёй – пераход з катэгорыі “мы” ў катэгорыю “яны”. Дзякуючы прыняццю Канвенцыі мы прыйдзем да таго, што гэтая стыгма і дыскрымінацыя паводле прыкметы інваліднасці знікне, – мяркуе псіхолаг.

Алена Жданюк. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Але і цяпер ужо шмат чаго памянялася да лепшага, перакананы ракаўчане. Гэта датычыцца не толькі аказання паслуг, але і стаўлення да людзей з інваліднасцю ў грамадстве, а таксама змены адбыліся “ў нашых галовах і душах”, як зазначыў мясцовы жыхар Іван. У яго сям’і з інваліднасцю дзіцяці сутыкнуліся не адразу, хвароба стала праяўляцца, калі дачка вучылася ў 4 класе. Спачатку спрабавалі спраўляцца сваімі сіламі і мала што ведалі пра магчымасці рэабілітацыі ў раёне. Цяпер дзяўчыне 17 год, яна скончыла школу, і ўжо каля года наведвае аддзяленне ў Валожынскім ТЦСАНе, дзе вучыцца побытавым рэчам і нават выступае на сцэне.

– Яна вырасла, і павінна сацыялізавацца, працаваць, таму вырашылі звярнуцца ў ТЦСАН. Ужо не страшна выносіць гэта ў свет, бо грамадства мяняецца, – распавядае Іван. – Але ўсё роўна павінны існаваць заканадаўчыя нормы, якіх людзі будуць прытрымлівацца, і спадзяюся, што дзякуючы Канвенцыі ўзаемадзеянне грамадства і дзяржавы палепшыцца.

Жыхары вёсак Ракаўскага сельсавета падчас кансультацыі. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Праект ужо дае вынікі

Прадстаўнікі мясцовых уладаў таксама маюць спадзеў на супрацоўніцтва і як могуць падтрымліваюць праект па распаўсюджванні ідэй Канвенцыі. Старшыня Ракаўскага сельвыканкама Аляксандр Мякінка прызнае, што ў раёне існуюць і хібы транспартнага спалучэння, якія няпроста вырашыць, і недахоп інфраструктуры, і шэраг іншых пытанняў. Але мяркуе, што прыняцце Канвенцыі з часам зможа змяніць сітуацыю, калі паступова рэалізоўваць прапісаныя ў ёй палажэнні.

– Канвенцыя – гэта прыступкі, канкрэтна вызначаны план таго, што трэба выканаць, – кажа ён.

Ларыса Шчарбачэвіч зазначае, што праект адразу не зможа закрыць усе пытанні ў раёне, але ён закладзе той інфармацыйны падмурак, на якім можна выконваць пэўныя задачы і атрымліваць канкрэтныя вынікі. Ужо цяпер дзякуючы ініцыятыве спецыялістам цэнтра на месцах удаецца лепш зразумець складанасці і патрэбы людзей з інваліднасцю. Бо ў сельскай мясцовасці яны крыху іншыя, чым у горадзе, дзе людзі больш інфармаваныя і не так востра паўстае пытанне магчымасці дабрацца да той ці іншай установы.

– Пасля кансультацый мы прыйшлі да высновы, што ў Івянцы і, магчыма, у Ракаве арганізуем форму працы, пры якой спецыялісты Валожынскага ТЦСАН будуць выязджаць у гэтыя паселішчы і праводзіць гурткі для людзей з інваліднасцю, каб задзейнічаць іх у сацыяльных праектах. Бо людзям з раёна цяжка дабірацца да нашага цэнтра ў Валожыне, таму, калі будуць ахвотныя, мы створым яго філіял, – абяцае Ларыса Шчарбачэвіч.

Працы, зробленыя рукамі людзей з інваліднасцю ў Валожынскім ТЦСАНе. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

***

Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.

 

Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.