Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

“Думаюць, не працуюць ногі – не працуе і галава.” У Бабруйску вазочнікі змагаюцца з дыскрымінацыяй

29/05/2018

Як паводзіць сябе з людзьмі ў інвалідных вазках? Ці трэба ім дапамагаць? І як гэта рабіць? Яны самі распавядаюць пра тое, пра што нам сорамна ў іх спытаць.

Зламаўся пазваночнік, але не зламалася жыццё

Пасля таго, як Беларусь далучылася да Канвенцыі ААН па правах людзей з інваліднасцю, у шэрагу гарадоў краіны стартавала кампанія “Павестка 50”, якая дапамагае рэалізаваць палажэнні дакумента на практыцы ў мясцовых супольнасцях. У Бабруйску гэтаму садзейнічаюць адразу тры праекта, адзін з іх называецца “Спытай мяне”. Яго мэта – змяніць стаўленне бабруйчан да людзей, што перамяшчаюцца пры дапамозе інвалідных вазкоў. У рамках праекта запланавана, перадусім, асветніцкая праца: на цэнтральных вуліцах горада развесілі банеры з вазочнікамі, якія займаюцца спортам, кіруюць аўтамабілямі, жывуць актыўным жыццём. Буклеты з інфармацыяй пра тое, як паводзіць сябе з вазочнікамі, можна знайсці ў дзяржаўных установах, школах, грамадскім транспарце. Але ніякія буклеты не заменяць жывых сустрэч з людзьмі, якія самі – шчыра і з гумарам – распавядаюць пра тое, як з імі трэба абыходзіцца. На адной з такіх сустрэч пабывала карэспандэнт Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі”

На кожным занятку - аншлаг. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

– Людзям не хапае асветы адносна вазочнікаў. Я сама сутыкалася з такім стаўленнем, што часам думаюць, калі ў цябе не працуюць ногі, то не працуе і галава, – распавядае адна з арганізатарак праекта Лілія Ламаносава, старшыня Бабруйскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў”.

Таму праект – гэта магчымасць распавесці ўсім, што людзі на інвалідных вазках – такія ж, як усе іншыя. Яны гэтак жа сама жывуць, працуюць, заводзяць сем’і і сутыкаюцца з усімі тымі праблемамі, што і звычайныя людзі. Але часам грамадства іх проста не ўспрымае.

– Мы хочам, каб да нас ставіліся, як да роўных, каб нас успрымалі не інвалідамі, а перадусім – людзьмі. Зламаўся пазваночнік, але не зламалася жыццё, – гаворыць Лілія.

Лілія ЛаманосаваФота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Жанчына прызнаецца, што раней не ведала, як трэба ўзаемадзейнічаць з людзьмі на вазках. І зразумела гэта, толькі калі сама апынулася сярод іх.

А для загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю ТЦСАН Першамайскага раёна Бабруйска Марыі Капусцінай праект, які яна рэалізуе разам з Ліліяй, стаўся ў пэўным сэнсе спосабам уз’яднання сям’і. Траюрадны брат Марыі ў юнацтве атрымаў траўму і аказаўся ў інвалідным вазку.

– З тых часоў мы з ім не кантактавалі. Я не ведаю, чаму. Я думала: “Як цяпер з ім размаўляць? Ці будзе гэта нармальным?” І ён са свайго боку не быў упэўнены, ці яго разумеюць і прымаюць у новым стане. І мы выпадкова сустрэліся з ім на турзлёце для людзей у вазках і наноў пазнаёміліся, – распавядае Марыя.

Марыя Капусціна. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Працуюць, вандруюць, кахаюць

Першая частка занятка была прысвечана расповеду пра тое, як жывуць людзі з інваліднасцю. Яны самі агучвалі свае гісторыі, і рабілі гэта з такой шчырасцю і гумарам, што ўсялякая няёмкасць у прысутных, нават калі і была, то знікла сама сабой.

– Я “паламаўся” ў 21 год, – кажа Канстанцін. – Але ніякай дэпрэсіі ў мяне не было. Я сам стаў выцягваць сябе, выходзіць на вуліцу, далучыўся да асацыяцыі вазочнікаў, стаў шукаць працу. У 2006 годзе купіў сабе машыну, вандрую па Еўропе – дома не магу сядзець.

Канстанцін. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Павел траўмаваўся 3,5 гады таму. Цяпер ён называе сябе “хатнім гаспадаром”, але без справы дома не сядзіць: выхоўвае траіх дзяцей і займаецца спортам.

Павел. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Сяргей, брат Марыі, ужо быўшы ў вазку ажаніўся і стаў бацькам.

Сяргей і муж Ліліі Ламаносавай Якаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Вольга атрымала траўму ў 25 год. Праз 1,5 года пасля гэтага развялася з мужам. Але жанчына не паставіла на сабе крыж, стала шукаць занятак. У сацсетках пазнаёмілася са сваім будучым начальнікам – Аляксандрам Макарчуком, які сам цалкам паралізаваны і кіруе камп’ютарам пры дапамозе галасавой праграмы. У яго свой адукацыйны анлайн-праект для людзей з інваліднасцю, таксама ён стварыў кампанію па наборы персанала, куды запрасіў Вольгу. Дарэчы, у Бабруйск яна перабралася выпадкова: сустрэла тут каханага, які таксама перамяшчаецца пры дапамозе вазка.

Вольга. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Гісторыя кахання пасля траўмы здарылася і з Ліліяй Ламаносавай ды яе мужам Якавам. Яны пабраліся шлюбам, калі абодва ўжо былі ў вазках. Сужэнцы жывуць самастойна, працуюць, ездзяць на аўтамабілі.

Што можна і чаго нельга

Як жа паводзіць сябе пры сустрчы з чалавекам у інвалідным вазку? Удзельнікі сустрэчы распавялі пра гэта на прыкладзе ўласных гісторый. Паводле іх словаў, нярэдка дапамога без папярэджання, няхай нават і з самымі добрымі намерамі, заканчваецца падзеннем з вазка. Таму першае і самае галоўнае правіла – задаваць пытанні. Прычым звяртацца трэба не да асобы, якая суправаджае, а непасрэдна да вазочніка.

Не варта дакранацца да вазка і, калі ён ёсць, да століка, спалучанага з ім – гэта частка асабістай прасторы чалавека, ён можа ўспрыняць гэта як парушэнне асабістых межаў. Недапушчальна таксама качаць нагой кола вазка і гладзіць па галаве самога вазочніка са словамі спачування – здавалася б, і да звычайнага чалавека на вуліцы лезці з гэткімі праявамі шкадавання непрыстойна, але ж і такое здараецца.

Аповед інструктара дапаўнялі асабістыя гісторыі вазочнікаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

А вось што трэба – дык гэта расслабіцца.

– Калі чалавек у вазку бачыць ваш дыскамфорт, ён таксама пачынае яго адчуваць, – дзеліцца простымі ісцінамі Марыя Капусціна.

Для сябе і будучых пакаленняў

Заняткі праекта “Спытай мяне” аказаліся папулярнымі сярод бабруйчан. На першы прыйшло 68 чалавек, на другі – 50, на трэці – таксама больш за 60. Арганізатары прызнаюцца, што самі не чакалі такога. Сярод прысутных большасць – прадстаўнікі сацыяльных і медыцынскіх устаноў. Хтосьці прыйшоў праз прафесійны інтарэс, а хтосьці плануе перадаць атрыманыя веды сваім дзецям.

Супольнасць валеолагаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

– У арганізацыях аховы здароўя мы сутыкаемся з людзьмі з інваліднасцю, і часам адчуваем сябе некамфортна, думаем, як іх не пакрыўдзіць, бо хочацца пабудаваць стасункі на роўных,  – прызнаецца інструктар-валеолаг Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Святлана Агароднік.

– Гэта вельмі патрэбна новым пакаленням, якія, часам, не ведаюць элементарных правіл этыкету, – дзеліцца ўражаннямі ад занятку сама яшчэ маладая жанчына, інструктар-валеолаг Бабруйскага раддома Уладзіслава Абузарава-Дабрынская. – Наша будучыня залежыць ад пакалення, якое падрастае. Тое, што мы дадзім яму, што мы ў яго ўкладзем, тое і атрымаем.

Адзін з білбордаў, што з'явіліся на вуліцах Бабруйска ў межах праекта "Спытай мяне"Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

***

Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.

  

Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.