Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Андрэй Ягораў: Усё залежыць ад людзей на месцах

24/11/2017

У межах кампаніі “Павестка 50” на Століншчыне стартаваў сацыяльны праект “Роўныя – Роўным”.
Беларусь падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю, якая прадугледжвае паварот ад палітыкі ў галіне інваліднасці, якая праводзіцца цяпер, да палітыкі, заснаванай на правах чалавека. Пасля таго, як Канвенцыю падпісалі, яна ратыфікуецца, яе палажэнні адлюстроўваюцца ў беларускіх законах, праграмах па сацыяльнай палітыцы. Але працэс, які вядзе дзяржава, павінен напаўняцца і “знізу” – актыўнасцю людзей, супольнасцяў, грамадскіх арганізацый, гарадоў. Менавіта такому напаўненню спрыяе кампанія “Павестка 50”, якая рэалізуецца ў Беларусі пры падтрымцы Еўрапейскага звязу.
– Гэта павінна быць праца ўсяго грамадства. Сутнасць павестак і заключаецца ў тым, каб стымуляваць актыўнасць людзей у гарадах праз стварэнне сувязяў паміж рознымі ініцыятыўнымі групамі, не чакаючы, што калі-небудзь прыйдзе дзяржава і штосьці зробіць, – зазначыў у каментарыі Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Але гэтая актыўнасць мусіць быць рацыянальна спланаваная. Такімі лакальнымі планамі і ёсць  мясцовыя павесткі, якія распаўсюджваюцца не на ўсю краіну і нават не на пэўны рэгіён, а на некаторыя гарады. На сённяшні дзень ужо праведзена даследванне гатоўнасці беларускіх гарадоў да рэалізацыі Канвенцыі, ёсць ініцыятыўныя групы на месцах з сяброў арганізацый людзей з інваліднасцю і пэўных дзяржаўных структур (тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання ў некаторых гарадах), а таксама з іншых зацікаўленых грамадскіх арганізацый і простых грамадзян.
– Мы прыцягвалі досвед нашых калег з Польшчы, падрыхтавалі метадалогію працы па павестках у нашых умовах. У адрозненне ад нашых суседзяў, у якіх усё было дастаткова цэнтралізавана і мясцовыя ўлады абавязаныя былі распрацоўваць планы згодна з польскім заканадаўствам, у нас мясцовыя ўлады не маюць ні патрэбы, ні загаду гэта рабіць. У нашых умовах часта мы не маем ініцыятывы “зверху”, і ў нас, хутчэй, адбываеца планаванне “знізу”, хоць, дзе магчыма, мы ўцягваем у яго мясцовыя органы ўлады, – гаворыць Андрэй Ягораў.
Першая і найбольш сур’ёзная праблема, з якой сутыкаецца любая ініцыятыўная група, –адсутнасць пэўнай легітымнасці рабіць нейкую працу. Мясцовыя ўлады адчуваюць сябе гаспадарамі ў сваёй лакацыі, таму рашэнні часам прымаюцца звышцэнтралізавана, пастаянна даводзіцца звяртацца “наверх”, каб атрымаць нейкія дазволы. Замест кааперацыі дзеля паляпшэння сітуацыі на месцах атрымліваецца такая нездаровая канфрантацыя: мясцовыя ўлады самі па сабе, а грамадскія ініцыятывы самі па сабе. Гэта значна ўскладняе працу, бо калі няма легітымнасці і права нешта рабіць, ініцыятывы становяцца няўстойлівымі. Таму такая праца патрабуе вялікага ўзроўню самаадданасці, ахвярнасці і ўпартасці.
Тым не менш часам узнікае імкненне да кааперацыі грамадскіх ініцыятыў і дзяржаўных органаў – больш-менш спрыяльныя ў гэтым плане адносіны складваюцца ў Стоўбцах, Століне.
– Але часам людзі самі дрэнна ведаюць сітуацыю ў сваім горадзе і не маюць адпаведных кампетэнцый, каб рэалізаваць падобныя ініцыятывы. Неабходна мець шмат актыўнасці, крэатыўнасці, адкрытасці, хуткасці дзеянняў – а маленькія гарады нібыта жывуць па-за часам, там амаль нічога не мяняецца, – зазначае суразмоўца.
Планы рэалізацыі павестак для розных гарадоў будуць рознымі. У залежнасці ад грамадскай актыўнасці, развіцця сацыяльнага бінесу, адносінаў з мясцовымі ўладамі, наяўнасці актыўных цэркваў, навучальных устаноў, якія могуць нешта прыўносіць у гэтую дзейнасць, складаецца ўнікальная кантамінацыя чыннікаў для пачатку планавання. Бо мы можам абапірацца толькі на наяўныя рэсурсы, якія можна ўцягнуць у гэтую тэму.
– Вельмі шмат у рэалізацыі павестак залежыць ад стану людзей на месцах, ад таго, што яны могуць і гатовыя рабіць. Безбар’ернае асяроддзе куды больш пазітыўна змяняецца ў тых гарадах (незалежна ад таго, буйныя яны ці малыя), дзе ёсць вялікія ініцыятыўныя групы людзей з інваліднасцю. Але я бачу дзве праблемы, якія могуць узнікнуць. Першая заключаецца ў “шапказакідальніцкім” стаўленні да працы, маўляў, мы нешта зробім, а далей яно само паедзе. Яно не паедзе само. Другая праблема ў тым, што людзі могуць успрымаць працу па павестках як невялікі набор дзеянняў пры адсутнасці разумення таго, што гэты план можа пераўтварыць штосьці ў горадзе. Мы павінны паспрабаваць зрабіць так, каб на выхадзе ў нас атрымалася каманда людзей з розных сектараў, звязаных паміж сабой і з ключавымі стэйкхолдарамі ў горадзе – бізнесам, уладамі, цэрквамі. Мы заўсёды гатовыя дапамагаць і ўключацца ў дзейнасць, якая ведзецца на месцах, усімі рэсурсамі, якія маем тут. Таму справа – за людзьмі на месцах.
Між тым на Століншчыне ўжо пачалася рэалізацыя першага праекта ў межах кампаніі “Павестка 50” пад назвай “Роўныя – Роўным”. Ён заключаецца ў стварэнні ўмоў для незалежнага пражывання маладых інвалідаў на Століншчыне і прадугледжвае распаўсюджванне атрыманага досведу на іншыя тэрыторыі. Праект будзе рэалізоўвацца на працягу года. За гэты перыяд яго ўдзельнікі правядуць маніторынг усіх грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў, пунктаў харчавання ў Століне на прадмет наяўнасці там безбар'ернага асяроддзя. Усе звесткі будуць апрацаваныя, што дазволіць выпусціць даведнік па даступнасці Століна для людзей з інваліднасцю з указаннем у ім кожнага аб'екта.
Сацыяльны праект “Роўныя – Роўным” рэалізуюць Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў, Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, раённая арганізацыя “БелТІЗ”, раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, райвыканкам і ініцыятыўная група бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Гл. таксама вынікі даследавання: Потенциал и возможности внедрения механизмов локального планирования в беларусских регионах для обеспечения прав людей с инвалидностью
 
Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
* * *
Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу. У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь”Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, Fundacja TUS (Польшча) і грамадская арганізацыя “Еўрапейскі дом” (Данія).