Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Лёс чалавека: паслізнуўся, згубіў прытомнасць – інвалід…

За жалезнымі дзвярыма – цёмны пад’езд. Дваццаць прыступак – і мы каля маленькага ліфта з бляклай лямпкай. Чакаць ён не хацеў і прыціснуў апошняга з нас.

Звычайна, калі дзверы сустракаюць перашкоду – адчыняюцца, а ў гэтым ліфце –не … Да восьмага паверху «паўзлі» марудна, пачало здавацца, што прайшла гадзіна.

…На парозе сустракае дзяўчына ў інвалідным вазку. Аксане Якуцэвіч 27 год, пяць з якіх яна правяла ў калясцы.

 Гісторыя трагедыі як чорны жарт – ішла, падслізнулася, згубіла прытомнасць, ачуняла – зламаны хрыбетнік…

 – Гэта так пайшла гуляць узімку па лесе і паслізнулася на горцы.Мяне адразу ў рэанімацыю забралі. Пасля доўга міліцыя трэсла, казалі, што гэта вельмі неверагодная гісторыя, як такое магло здарыцца?

 – Што давялося змяніць у кватэры?

– Цалкам усё. Калі вярнулася са шпіталю, не магла патрапіць нікуды: нязручныя дзверы, вузкія праёмы, высокія парогі… Давялося прыбіраць дзверы, пашыраць праёмы.

Аксане прыйшлося змяніць звычкі, прыстасавацца да новага жыцця – жыцця ў калясцы.

Але, не гледзячы на гэта, дзяўчына не ўпала духам. Ад яе ішла добрая пазітыўная энергетыка.

 – Ці шмат спратрэбілася часу, каб прызвычаіцца да жыцця ў калясцы?

– Спачатку не хацелася жыць…

Вось жывеш, ходзіш, а пасля злёг – і ўжо не можаш нічога… Гэта страшна… Першы час саромелася паказвацца на вочы людзям, што яны падумаюць, калі пабачаць мяне ў такім выглядзе..У каляску прымусіла сесці жыццё – хочаш рухацца – звыкайся…

 – Як праходзіць твой звычайны дзень?

– Прачнулася, апранулася, матуля на працу, а я адна цэлы дзень у хаце.Ем зранку, толькі раз на дзень, увесь астатні – гарбата, каб не набраць лішняй вагі.Бо калі папраўлюся, не змагу ўлезці ў каляску, па–другое – з’явяцца цяжкасці ў сваякоў па абслугоўванню мяне, ды і цела без руху – шмат энергіі не патрэбна.

Устаць на ногі дзяўчына не разлічвае, кажа: «сама як медык не назіраю дынамікі».

Да траўмы яна працавала ў шпіталі.

 – А зараз думала, каб працягнуць працу на былым месцы?

– Я хацела б гэтага. Ёсць рэчы, якія я магла б выконваць у сваім становішчы, але ёсць адна праблема – каб прыняць на працу інваліда, трэба, каб усё было абсталявана: пандусы, прыбіральня… а ў нас гэтага нідзе няма. Калі трэба было падцвердзіць групу, дык мы змаглі пад’ехаць толькі да лесвіцы, а далей брат на руках насіў па лекарах.

 – А хлапец у цябе ёсць?

– Быў, паўтары гады прыходзіў, але пасля яго пагнала, бо ён нерваваўся, пачаў піць.

Навошта псаваць жыццё сабе і мне? А зараз праз інтэрнэт пазнаёмілася з хлапцом з Санкт-Пецярбургу, які мяне наведвае. Інтэрнэт зараз адзін са сродкаў камунікацыі з людзьмі.

Мы вырашылі разам прагуляцца па звычайным маршруце Аксаны на вуліцы, каб высвятліць, наколькі вуліцы Гродна зручныя для інвалідаў.

У «страшны» ліфт дзяўчына заскочыла самастойна.

Адзінае – з–за вузкіх дзвярэй б’ецца касцяшкамі пальцаў. Ад ліфта да выхаду зноў перашкода – стромкая лесвіца.

Калі б Аксана спускалася па ёй самастойна, то магла б спакойна «вынесці» дзверы з дамафонам…

 Вы калі–небудзь, падыходзячы да светлафора, звярталі ўвагу на тое, што плітка бліжэй да дарогі апускаецца?

Гэта для зручнасці перасоўвання з дзіцячай каляскай, роварам, а вось з інвалідным крэслам на гэты бардзюр можна ўскочыць толькі з «разбегу» – нешта будаўнікі не ўлічылі.

Ля стаматалагічнай паліклінікі шырыню пандусаў таксама не разлічылі, бо для крэсла яны вельмі шырокія.

Відаць, ніхто не думаў, што інваліды– калясачнікі могуць звяртацца за паслугай да стаматолагаў.

Падыходзім да крамы «Мока»… Тут пандусы існуюць толькі на паперах…

Каб патрапіць у краму, Аксана кажа, што чакае, калі будуць праходзіць мужчыны і просіць іх аб дапамозе.

Мы чакалі хвілін пяць. Насустрач ішлі выключна жанчыны.

Неўзабаве пашанцавала – з крамы выйшлі два хлапцы, якія з радасцю пагадзіліся дапамагчы.

Узялі каляску з двух бакоў і перанеслі праз лесвіцу. Дзяўчына нагадвала каралеўну на троне...

Адлегласть маршруту – адзін прыпынак, але на ім сустрэліся чатыры светлафоры, высокія пад’ёмы, удары аб якія адбіваюцца ў спіне.

Убачыць інвалідаў–калясачнікаў на вуліцах гораду – вялікае дзіва… не таму, што іх няма, а таму, што адсутнічаюць усе неабходныя для іх перасоўвання па горадзе ўмовы.

Па дарозе Аксана распавяла, што некаторы час займалася бальнымі танцамі ў калясцы, нават паказала некалькі рухаў.

 – А зараз чаму не займаешся?

– Для гэтага трэба ездзіць у Мінск, таму што такая экзотыка толькі там.

І я хацела б займацца гэтым прафесійна, рэгулярна, а не раз–два на год.

Па–другое, мне не могуць знайсці добрую пару. Партнер, які быў, не адпавядае майму росту і пасля заняткаў баліць спіна.

У дзяўчыны доўгія, размаляваныя пазногці. Кажа, што з дзяцінства аддавала ім шмат увагі.Хацела б зараз займацца нарошчваннем пазногцяў дома, але трэба скончыць трохмесячныя курсы.

А ўмоў для гэтага няма.

Не так даўно Аксана знайшла паразуменне сярод такіх жа, як і яна людзей з арганізацыі інвалідаў–калясачнікаў.

Цяпер яны разам штосьці робяць, спрабуюць вырашаць агульныя праблемы ў горадзе, які так упарта не хоча іх заўважаць.

Юлія Катаржынская