Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

“Павестка 50” у Стоўбцах: нізкапольны аўтобус, гукавыя светлафоры і кансультацыі

26/09/2018

У Стоўбцах распавялі пра вынікі стварэння лакальнай павесткі для вырашэння праблем людзей з інваліднасцю і прэзентавалі міні-праект “Адкрыты дыялог”.

На хуткім старце

Кампанія “Павестка 50” распачалася 2,5 гады таму, адна з яе галоўных мэтаў – на месцах садзейнічаць імплементацыі Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю, да якой далучылася наша краіна.

Найбольш актыўна на гэтай ніве працуе Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Намеснік дырэктара арганізацыі Міхаіл Мацкевічраспавёў, што на дзяржаўным узроўні ўжо прыняты Нацыянальны план рэалізацыі Канвенцыі, рыхтуецца шэраг дакументаў ад зменаў у нарматыўна-прававыя падведамасныя акты да прыняцця закона аб правах людзей з інваліднасцю.

– Кампанія “Павестка 50” прадугледжвае адваротны парадак рэалізацыі Канвенцыі: не “зверху ўніз”, а “знізу ўверх”. Бо хто, як не людзі на месцах, якія працуюць з тэматыкай інваліднасці, ведае, як лепш наладзіць жыццё ў іх горадзе? – тлумачыць Міхаіл Мацкевіч.

Міхаіл Мацкевіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Напачатку кампаніі было выбрана пяць пілотных гарадоў для яе рэалізацыі: Лепель, Шчучын, Бабруйск, Валожын і Столін. Але падчас працы з праекту выбыў Лепель, і эстафету падхапілі Стоўбцы. Такім чынам гэты горад найпазней з усіх далучыўся да кампаніі “Павестка 50” – першая сустрэча адбылася ў лютым гэтага года. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” зноў наведала райцэнтр, каб паглядзець, што ўдалося зрабіць з таго часу.

Нягледзячы на нядаўні старт, мясцовая супольнасць узяла добры тэмп у працы. Яны ўжо падрыхтавалі чарнавік сваёй лакальнай павесткі, а таксама ў рамках кампаніі стартаваў міні-праект “Адкрыты дыялог”. Міхаіл Мацкевіч распавёў, што хутка некаторыя з удзельнікаў праекту ў Стоўбцах наведаюць Данію, каб пераняць дацкі досвед рэалізацыі Канвенцыі.

Эксперты з Польшчы Малгажата Перацятковіч і Пётр Тодыс (справа). Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Ведаюць, з чым працаваць

Дырэктар Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслуговання насельніцтва Святлана Блашко распавяла пра працу над чарнавіком павесткі. Асноўныя яе мэты – паляпшэнне жыцця людей з інваліднасцю, інфармаванне іх, а таксама грамадства, пра правы такіх людзей, праблемы і магчымасці іх вырашэння. Таксама немалаважным з’яўляецца ўключэнне людзей з інваліднасцю ў вырашэнне гэтых праблем.

Святлана Блашко. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Каманда мясцовых актывістаў правяла дыягностыку па выяўленні сацыяльных праблем, з якіх выявілі 9 асноўных. Гэта адсутнасць магчымасці перамяшчэння людзей з інваліднасцю па горадзе і раёне, недастатковасць безбар’ернага асяроддзяпрацоўных месцаўскладанасці ў атрыманні бясплатнай юрыдычнай кансультацыі і суправаджэння ў судзе. Апроч таго часта людзі з інваліднасцю не ведаюць сваіх правоўнасельніцтва недастаткова інфармаванае пра іх праблемы, не хапае тэхнічных сродкаў рэабілітацыі ў медустановах (а тыя, што ёсць, часта не адпавядаюць патрэбам асоб з інваліднасцю), адсутнічае сацыяльнае таксі.

Найбольш вострымі з пералічаных праблем з’яўляюцца недастатковая інфармаванасць людзей з інваліднасцю і грамадства аб іх правах, а таксама адсутнасць магчымасці перасоўвання па горадзе і раёне і недастатковасць безбар’ернага асяроддзя.

Прэзентацыя чарнавіка мясцовай павесткі. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Дыялог пайшоў

Менавіта інфармаванню прысвечаны міні-праект “Адкрыты дыялог”, які фінансуецца Еўразвязам. Галоўная яго мэта – данесці інфармацыю да людзей з інваліднасцю і іх сем’яў. Для гэтага плануецца распрацаваць інфармацыйныя матэрыялы, праводзіць сустрэчы і кансультацыі на тэрыторыі мясцовых выканкамаў, распрацаваць і правесці анкетаванне сярод сем’яў людзей з інваліднасцю.

Каманда, што працуе над мясцовай павесткай у Стоўбцах. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

– Мы ўжо правялі кансультацыю з людзьмі сталага веку, якія наведваюць наш ТЦСАН і часткова атрымалі зваротную сувязь ад іх адносна павесткі. Таксама правялі сустрэчу з людзьмі з інваліднасцю, пачулі іх пажаданні і атрымалі падтрымку, – зазначыла Святлана Блашко.

Работнікі мясцовых органаў улады таксама павінны ведаць аб правах і льготах для людзей з інваліднасцю, для гэтага плануюць правесці круглы стол з іх удзелам.

Старшыня Стаўбцоўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Зінаіда Катлашэўская распавяла, што праект “Адкрыты дыялог” плануецца рэалізаваць да 5 снежня 2018 года. Каардынатарка мяркуе, што праект зможа ахапіць каля 630 людзей з інваліднасцю, што складае амаль 22% ад іх агульнай колькасці ў раёне.

Сацыяльны пашпарт Стаўбцоўскага раёна. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Ужо запушчаны выраб інфармацыйных буклетаў і раздаткавых матэрыялаў для круглага стала па праблемах людзей з інваліднасцю, будзе выраблена брашура для павышэння юрыдычнай пісьменнасці апошніх. Гэтыя матэрыялы будуць раздаваць у выканкамах, бальніцах, грамадскіх арганізацыях раёна. На бліжэйшыя два месяцы запланавана інфармацыйная кампанія на тэрыторыі некаторых выканкамаў, таксама адбудзецца юрыдычнае кансультаванне насельніцтва.

– Рэалізацыя праекта дапаможа павысіць узровень інфармаванасці мэтавых груп, іх юрыдычнай пісьменнасці. Людзі з інваліднасцю будуць ведаць аб сваіх правах і магчымасцях, а работнікі дзяржструктур змогуць забяспечыць іх гэтай інфармацыяй, – падсумавала Зінаіда Катлашэўская.

Зінаіда Катлашэўская. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Шырокія перспектывы

Вырашэнне праблем даступнасці, безумоўна, зойме не адзін год. У Стоўбцах плануюць абсталяваць пяць светлафораў гукавымі сігналамі, а таксама прывесці дарогі і тратуары ў адпаведнасць з патрабаваннямі безбар’ернага асяроддзя. Для гэтага трэба правесці маніторынг адпаведнасці скрыжаванняў горада патрабаваннямі даступнасці і скласці карту даступнасці. Па словах Святланы Блашко, у бюджэт на гэты год закладзены сродкі на абсталяванне 13 пандусаў, а таксама на ліквідацыю бардзюраў на транспартных прыпынках.

Падчас прэзентацыі міні-праекта. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Варта адзначыць, што праблема транспарту, а таксама прыпынкаў, прыстасаваных для пасадкі і высадкі людзей з інваліднасцю, ужо вырашаецца. Так, летам мясцовы аўтапарк набыў нізкапольны аўтобус, праўда, пакуль толькі адзін, але ён ужо курсіруе па горадзе.

У працы над мясцовай павесткай супольнасці Стоўбцаў дапамагалі эксперты з фонда ТUS Пётр Тодыс і Малгажата Перацятковіч.

– Мне вельмі прыемна супрацоўнічаць з вамі. Я рады, што ратыфікацыя Канвенцыі на дзяржаўным узроўні актывізавала працу на месцах. Хачу падзякаваць за тое, што наша супрацоўніцтва ішло ў вельмі добрым працоўным тэмпе. І хоць у нас невялікая група, затое вельмі энергічная, – зазначыў Пётр.

Пётр Тодыс. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Малгажата падкрэсліла, што, паколькі група працавала над канкрэтнымі практычнымі рэчамі, усё запланаванае ўдалося зрабіць у тэрмін.

Малгажата Перацятковіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

– Узгадваючы нашу першую сустрэчу, я бачу, што вы прайшлі вялікі шлях, і сёння ўжо распавядаеце пра тое, што ўжо адбыліся першыя кансультацыі. Няхай міжпрофільнае супрацоўніцтва ў вашым горадзе расце і шырыцца, – пажадала яна стаўбчанам.

Каманда і трэнеры. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

***

 

Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.

 

Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.