Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Праца пераадольвае бар’еры

19/01/2012

23 студзеня Віцебская аб’яднаная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў” (РАІК) пры падтрымцы Офіса па правах людзей з інваліднасцю прыступае да рэалізацыі праекту “Праца пераадольвае бар’еры”. Галоўная мэта праекта - правядзенне даследавання занятасці і даступнасці працаўладкавання для людзей з інваліднасцю ў Віцебску і вылічэнне найбольш слабых месцаў у гэтай сферы. Усе сабраныя звесткі будуць прааналізаваныя і супастаўленыя паміж сабой. Па выніках праекта плануецца правесці круглы стол і прэзентацыю вынікаў даследавання. Таксама ўсе вынікі будуць агучаны ў сродках масавай інфармацыі.

Сітуацыю пракаментаваў кіраўнік праекта “Праца пераадольвае бар’еры” старшыня Віцебскай аб’яднанай арганізацыі грамадскага аб’яднання РАІК Дзмітры Сцемасаў: “Той невялікі працэнт інвалідаў-калясачнікаў, якія працуюць або працавалі, у Віцебску прадстаўлены нізка кваліфікаванай працай. Практычна не выкарыстоўваецца праца ў сферы сучасных інфармацыйных тэхналогіяў, даведкавых паслуг і ў іншых сучасных і важных кірунках. Але ж чалавек у калясцы часта мае выдатныя веды, досвед і велізарны патэнцыял. Я ўпэўнены, што многія арганізацыі толькі губляюць, адмаўляючы такім людзям у працаўладкаванні. Мы мусім растлумачваць сітуацыю, кажучы кіраўнікам і HR-менеджэрам, што дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці - гэта наўпроставае парушэнне правоў людзей з інваліднасцю”.

Распавядаючы аб практычных аспектах праекта, Д.Сцемасаў адзначыў: “У працэсе рэалізацыі праекта на базе аддзялення рэабілітацыі інвалідаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата Віцебскага Дома інтэрната для састарэлых і інвалідаў будзе праведзена навучанне Web-дызайну групы інвалідаў-калясачнікаў. Гэтая прафесія з’яўляецца папулярнай і запатрабаванай працай, якая не патрабуе вялікіх фізічных нагрузак. І людзі практычна з любой ступенню інваліднасцю могуць ёй займацца. Пасля навучання з вучнямі будуць праведзеныя трэнінгі па пытаннях занятасці інвалідаў, паляпшэння жыццёвага ўзроўню, павышэння іх самаацэнкі і камунікатыўных навыкаў. Мы таксама дапаможам у напісанні бізнес-плана для атрымання бязвыплатнай субсідыі на адкрыццё бізнесу. Такім чынам, многія, што пройдуць у нас навучанне, змогуць пачаць свой бізнэс”, - падкрэсліў Дзмітры Сцемасаў.

 Удзел у праекце возьмуць інваліды-калясачнікі Віцебска, якія маюць досвед працы з кампутарам і камп’ютарнай графікай. Навучанне будзе праводзіцца пры падтрымцы Віцебскага грамадскага культурна-асветніцкага аб’яднання “Праметэй”. Падрабязнасці праекта – на сайце www.vooooraik.narod.ru