Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Офіс па правах людзей з інваліднасцю адчыніўся ў Беларусі!

07/07/2011

Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку работы, заявіў каардынатар Офіса Сяргей Драздоўскі.

У прыватнасці пан Драздоўскі адзначыў: «У цяперашні момант у Беларусі склалася такая сітуацыя, што людзі з інваліднасцю вымушаныя заставацца на краі грамадскага жыцця ў ізаляваных супольнасцях. У краіне зарэгістравана 502.000 людзей з інваліднасцю. Але з абмежаваннямі і бар'ерамі, звязанымі з гэтай праблемай, сутыкаецца кожны чацвёрты жыхар краіны. Як паказвае практыка, КОЖНЫ беларус з інваліднасцю падвяргаецца дыскрымінацыі: яму адмаўляюць у працаўладкаванні, паступленні ў ВНУ, вучобе ў звычайнай сярэдняй школе. Часта жыццё гэтых людзей праходзіць у закрытым інтэрнаце і пазбаўленае паўнавартасных стасункаў. Таму ўся дзейнасць Офіса будзе скіраваная на тое, каб змяніць наша грамадства, зрабіць яго вольным ад бар'ераў. Перабудаваць яго такім чынам, каб людзі з інваліднасцю сталі раўнапраўнымі яго членамі, уключанымі ва ўсе сферы яго жыцця. Мы хочам памяняць, перш за ўсё, свядомасць саміх людзей і іх стаўленне да пытання інваліднасці. Людзі павінны зразумець, што інваліднасць - гэта не толькі медыцынская праблема. Перш за ўсё, гэта праблема выканання і абароны правоў чалавека».

Сяргей Драздоўскі распавёў журналістам і гасцям прэс-канферэнцыі аб канкрэтнай дзейнасці Офіса: «З'яўляючыся асветніцкай і праваабарончай арганізацыяй, Офіс будзе аказваць прававую дапамогу, кансультаванне ў пытаннях правоў людзей з інваліднасцю і рэалізацыі гэтых правоў. Нашы спецыялісты будуць праводзіць суправаджэнне адміністрацыйных працэсаў, займацца прэцэдэнтнай дзейнасцю, працай па зніжэнні і выкараненні дыскрымінацыі. Мы таксама прымаем на сябе функцыі садзейнічаць з'яўленню і распаўсюджванню аб'ектыўнай інфармацыі аб правах людзей з інваліднасцю як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі. Для гэтага мы будзем праводзіць маніторынгі гэтага пытання, рыхтаваць і публікаваць экспертныя матэрыялы і артыкулы, вырабляць друкаваную прадукцыю. Гэта значыць, рабіць усё, што паспрыяе развіццю тэмы ў краіне».

«У сваёй дзейнасці мы абапіраемся на нормы Канвенцыі аб правах інвалідаў. Мы лічым, што Рэспубліка Беларусь павінна далучыцца да яе і няўхільна выконваць яе нормы. Таму важным аспектам дзейнасці Офіса я лічу падрыхтоўку і публікацыю Альтэрнатыўнай справаздачы», - падкрэсліў пан Драздоўскі.

Важным аспектам дзейнасці Офіса Сяргей Драздоўскі лічыць стварэнне інавацыйных рэсурсаў: «Мы разумеем, наколькі важна распрацоўваць і ўкараняць розныя інфармацыйныя сэрвісы, якія дапамогуць разнастаіць і палегчыць жыццё людзям з інваліднасцю. І вось першы наш практычны крок - гэта афіцыйны сайт нашай арганізацыі. Офіс распрацаваў яго з улікам патрабаванняў і рэкамендацыяў Міжнароднага вэб кансорцыума (W3C) для людзей з абмежаванымі магчымасцямі паводле зроку. Усе матэрыялы, размешчаныя на сайце, адкрыта ўзаемадзейнічаюць са спецыялізаваным галасавым праграмным забеспячэннем кампутара. Галасавое праграмнае забеспячэнне дазваляе сляпым людзям чуць усе матэрыялы, размешчаныя на старонках сайта. Таксама мы распрацоўваем цэлы набор каляровых схем, якія дазволяць успрымаць інфармацыю людзям з парушаным каляровым успрыманнем. Такое рашэнне ўжо прымяняецца ў многіх краінах свету і Офіс па правах людзей з інваліднасцю ўпершыню ў Беларусі падтрымаў гэтую міжнародную практыку».

У ходзе прэс-канферэнцыі гасцям было прапанавана скарыстацца чорнымі павязкамі для вачэй, навушнікамі і інваліднымі каляскамі для таго, каб на сабе выпрабаваць абмежаванні, якія адчуваюць людзі з інваліднасцю. Таксама ў ходзе прэс-канферэнцыі гасцям былі паказаныя ўрыўкі з дакументальнага фільма «Асаблівыя людзі» (рэжысёр Сяргей Ісакаў).

Даведка аб заснаванні:

Асветніцкая праваабарончая ўстанова «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» з'яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй, створанай Заснавальнікам для ажыццяўлення асветніцкіх, праваабарончых функцый некамерцыйнага характару і дзейнічае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і Статутам. Зарэгістраваная 25 сакавіка 2010 года. Заснавальнікам і ўласнікам з'яўляецца прыватная асоба.

Адрас: г. Мінск, вуліца Варанянскага, дом 50, корпус 4, офіс 101

Тэлефон / факс +375 17 256 0829

e-mail: [email protected]

www.disright.org

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся да спецыяліста па камунікацыях Таісіі Пастуховай праз тэлефон +375 25 909 06 02, e-mail: [email protected]