Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

3 снежня - Міжнародны дзень інвалідаў

30/11/2012

3 снежня 2012 года будзе адзначаны чарговы Міжнародны дзень інвалідаў. Гэтая дата вызначаная рашэннем ААН і, традыцыйна,  кожны год 3 снежня надзяляецца асаблівай тэмай. Тэмай, якая павінна падкрэсліць найбольш значны кірунак развіцця грамадства; той кірунак, які павінны стаць арыенцірам для дзяржаваў у ажыццяўленні імі палітык, а для грамадскасці – усведамлення месца і ролі як цэлых супольнасцяў, так і кожнага чалавека ў іх магчымасці змяняць свет да лепшага.

У 2012 годзе абраная тэма “Ліквідацыя бар’ераў на шляху стварэння інклюзіўнага грамадства для ўсіх”. І гэтая тэма сапраўды актуальная і важная для 154 краінаў свету, краінаў, што падпісалі Канвенцыю аб правах інвалідаў. Бо менавіта Канвенцыя паказвае гэтым дзяржавам спосаб разумення інваліднасці і эфектыўнага развязання праблемаў. Менавіта Канвенцыя з’яўляецца даведнікам у вырашэнні складаных праблемаў, з якімі сутыкаюцца супольнасці пры разглядзе пытанняў інваліднасці. Гэтая тэма ўсталёўвае высокі арыенцір для сям’і дзяржаваў, што падпісалі Канвенцыю.

Як назваць 3 снежня 2012 года для Беларусі? Час неапраўданых надзеяў? Бо грамадзяне Рэспублікі Беларусь ведаюць пра тое, што няма бар’ераў для падпісання Канвенцыі – ні праўных, ні палітычных, ні эканамічных. А таму чакалі падпісання Канвенцыі. Бо ёсць вострая патрэба развівацца ў духу часу, ствараць умовы для роўнага і поўнага ўдзелу ўсіх грамадзянаў краіны, незалежна ад наяўнасці інваліднасці. І гэтага можна хутчэй дамагацца з дапамогай прыняцця і рэалізацыі Канвенцыі.

Таму мы прапануем назваць гэты год – Годам Даступнасці! Даступнасці для рэалізацыі ўсіх правоў грамадзянамі з інваліднасцю нароўні з іншымі, без дыскрымінацыі. І першым крокам павінна стаць прыняцце і ратыфікацыя Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб правах інвалідаў і Факультатыўнага пратакола. Менавіта гэта пацвердзіць сацыяльнасць беларускай дзяржавы, выкажа павагу да 519 тысячаў грамадзянаў з інваліднасцю, гэта дазволіць нам сказаць, што мы ўсе разам рухаемся АД ДАСТУПНАСЦІ ДА РОЎНАСЦІ!