Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (17) 355-08-29

 

Адаптацыя інваліда да працоўнай дзейнасці

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2009 г. N 128 (у рэд. ад 28.04.2010 N 640) «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку фінансавання і кампенсацыі выдаткаў на стварэнне і захаванне працоўных месцаў для інвалідаў і Палажэння аб парадку арганізацыі і фінансавання мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці»  адаптацыяй інвалідаў да працоўнай дзейнасці з'яўляецца «комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на:

• набыццё і ўдасканаленне інвалідамі прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў з улікам атрыманай або наяўнай у іх спецыяльнасці (прафесіі);

• набыццё, аднаўленне і развіццё наяўных у інвалідаў працоўных здольнасцяў і замацаванне іх у працэсе ажыццяўлення працоўнай дзейнасці;

• павышэнне канкурэнтаздольнасці інвалідаў на рынку працы;

• працаўладкаванне інвалідаў у адпаведнасці з атрыманай або наяўнай спецыяльнасцю (прафесіяй)».

Аднак варта заўважыць, што гэтыя мерапрыемствы ў большай меры скіраваныя на працаўладкаванне і працоўную занятасць пераважна інвалідаў з фізічнымі абмежаваннямі або лёгкімі формамі інваліднасці (па слыху, зроку і г.д.), а не людзей, напрыклад, з інтэлектуальнымі, разумовымі і множнымі парушэннямі развіцця.

Тэрмін адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці можа складаць ад шасці месяцаў да аднаго года. Часта з прычыны ступені цяжкасці абмежавання інваліда ўвесь гэты час сыходзіць не на адаптацыю інвалідаў да працоўнай дзейнасці як такую, а на «адаптацыю» да працоўнага месца, калектыву, набыццё навыкаў узаемадзеяння з навакольнымі, на знаёмства з вытворчымі асаблівасцямі арганізацыі.

Фінансаванне мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў выглядзе выдзялення наймальнікам грашовых сродкаў на:

• набыццё абсталявання;

• набыццё матэрыялаў;

• набыццё спецадзення;

• кампенсацыю выдаткаў на аплату працы інвалідаў.

Кампенсацыя выдаткаў на аплату працы інвалідаў ажыццяўляецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне наймальнікам штомесяц. Гэта накладвае пэўныя абавязкі на наймальніка. Так, наймальнікі штомесяц прадстаўляюць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне даведку пра выдаткі на аплату працы інвалідаў з пазначэннем перыяду, за які налічана заработная плата. Пры гэтым у названыя выдаткі ўключаюцца налічаная заработная плата за выкананую працу і адпрацаваны час, сумы абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і страхавых узносаў на абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. Орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў пяцідзённы тэрмін з дня атрымання такой даведкі прадастаўляе ў тэрытарыяльныя органы дзяржаўнага казначэйства аплатныя дакументы для пералічэння грашовых сродкаў на кампенсацыю выдаткаў на аплату працы інвалідаў на бягучы (разліковы) рахунак наймальніка.

Для ажыццяўлення адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці абавязковым з'яўляецца наяўнасць у іх спецыяльнасці (прафесіі) (акрамя відаў дзейнасці, якія не патрабуюць прафесійнай падрыхтоўкі) у адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі інваліда (далей - ІПР), сфармаванай медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй (далей - МРЭК) .

У адпаведнасці з п. 17 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні Палажэння пра медыка-рэабілітацыйныя эксперныя камісіі»  ад 16 кастрычніка 2007 г. N 1341 спецыялізаваныя, міжраённыя (раённыя, гарадскія) камісіі «ажыццяўляюць медыка-сацыяльную экспертызу, у тым ліку ўсталёўваюць факт наяўнасці інваліднасці, групу (ступень страты здароўя ў дзяцей), прычыну, дату наступлення і тэрмін інваліднасці, выносяць працоўныя рэкамендацыі». Гэта значыць, што менавіта спецыялістамі МРЭК выносіцца медыцынскае заключэнне (пра допуск да працы паводле пэўнай спецыяльнасці), на якім грунтуецца ІПР. Што тычыцца людзей з інтэлектуальнымі, разумовымі і множнымі парушэннямі развіцця, яны такога заключэння, як правіла, не атрымліваюць і адпаведна не прызнаюцца беспрацоўнымі.

ІПР з'яўляецца адным з тых дакументаў, якія інвалід пры заключэнні працоўнай дамовы абавязаны прад'явіць наймальніку (артыкул 26 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Прыём на працу інваліда без гэтага дакумента не дапускаецца. ІПР інваліда вызначае комплекс рэабілітацыйных мерапрыемстваў, канкрэтныя віды і тэрміны правядзення рэабілітацыі інваліда, а таксама адказных за яе правядзенне выканаўцаў, і складаецца з трох частак (праграм):

• медыцынскай рэабілітацыі;

• прафесійнай і працоўнай рэабілітацыі;

• сацыяльнай рэабілітацыі.

ІПР вызначае віды дзейнасці, якімі інваліду супрацьпаказана займацца, а таксама рэкамендацыі па яго сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі. Як правіла, менавіта здароўе інваліда бярэцца пад увагу ў першую чаргу. Часцяком інвалідам могуць быць рэкамендаваныя тыя віды дзейнасці, у якіх недастаткова вакансіяў у рэгіёнах іх жыхарства, гэта значыць, не ўлічваецца кан'юнктура рынку.

Далёка не ўсе інваліды, якія хочуць працаўладкавацца, звяртаюцца ў службу занятасці. Адбываецца гэта з розных прычынаў. Так, напрыклад, прапанаваныя вакансіі не заўсёды патрабуюць таго ўзроўню кваліфікацыі, які ёсць у інвалідаў з адпаведнай адукацыяй, якія разлічваюць атрымаць годнае ўзнагароджанне за сваю працу. Адной з прычынаў з'яўляецца таксама і тое, што людзі з I або II групай інваліднасці на практыцы не могуць стаць на ўлік у службе занятасці, бо ў іх занадта вялікая ступень страты працаздольнасці. Альбо інваліду не пасуе любая праца, бо патрабуецца прыстасаванне працоўнага месца да іх індывідуальных патрэбаў.

Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці можа ажыццяўляцца праз накіраванне органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на аснове дамовы, як у індывідуальных прадпрымальнікаў, так і ў арганізацыях любых арганізацыйна-прававых формаў.

Для арганізацыі працэсу адаптацыі наймальнік павінен падаць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы стварэння працоўнага месца:

• заяву з указаннем пераліку спецыяльнасцяў (прафесіяў), па якіх магчымая арганізацыя адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, колькасці і пераліку вакантных працоўных месцаў, а таксама патрэбы ў стварэнні новых працоўных месцаў і магчымасцяў далейшага працаўладкавання інвалідаў;

• разлікі фінансавых выдаткаў на арганізацыю адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці (набыццё абсталявання, матэрыялаў, спецадзення, аплата працы інвалідаў).

Упраўленне (аддзел) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскіх (раённых) выканаўчых камітэтаў рыхтуе і накіроўвае ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама (далей - камітэт) заключэнне аб мэтазгоднасці арганізацыі адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці з прыкладаннем дакументаў на працягу трох дзён з дня паступлення заявы. Камітэт у сваю чаргу разглядае прадстаўленыя дакументы i прымае рашэнне аб мэтазгоднасці арганізацыі адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці ў пэўнага наймальніка на працягу сямі працоўных дзён з дня іх паступлення, пра што пісьмова інфармуе орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, які інфармуе наймальніка. Такім чынам, фармуюцца пералік наймальнікаў, гатовых да арганізацыі адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці паводле канкрэтных спецыяльнасцяў (прафесiяў).

Інваліду ж у сваю чаргу для атрымання накіравання на праходжанне адаптацыі да працоўнай дзейнасці неабходна звяртацца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў месцы рэгістрацыі яго ў якасці беспрацоўнага.

Орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, грунтуючыся на ІПР і ўлічваючы пералік наймальнікаў, гатовых да арганізацыі адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці паводле канкрэтных спецыяльнасцяў (прафесiяў), з улікам наяўнай у інваліда спецыяльнасці (прафесіі) прымае адпаведнае рашэнне і выдае накіраванне інваліду да наймальніка на адаптацыю да працоўнай дзейнасці. У выпадку адмовы ў выдачы інваліду накіравання на адаптацыю да працоўнай дзейнасці ён мае права азнаёміцца ​​з прычынамі адмовы, указанымi ў пісьмовым апавяшчэнні ад органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Пасля накіравання інваліда на адаптацыю да працоўнай дзейнасці орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне заключае з наймальнікам дамову аб арганізацыі адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці.

Наймальнік таксама заключае тэрміновую працоўную дамову на адаптацыю да працоўнай дзейнасці з інвалідам, які скіраваны органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на тэрмін, вызначаны дамовай аб арганізацыі адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці. Наймальнік абавязаны ў пяцiдзённы тэрмiн з дня выдання загаду аб прыёме інваліда на працу падаць у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне копію адпаведнага загаду. Інвалід здымаецца з уліку беспрацоўных з даты яго працаўладкавання.

Што тычыцца «плана адаптацыі», то тут адсутнічае адзіная сістэма, якая тычыцца яго зместу. Часам у розных рэгіёнах нашай краіны цэнтры занятасці патрабуюць ад наймальнікаў прадастаўлення адрозных паводле свайго зместу планаў адаптацыі.

Да моманту заканчэння праходжання адаптацыі да працоўнай дзейнасці інвалід па рашэнню наймальніка можа быць прыняты на пастаянную працу альбо звольнены. Аб сваім рашэнні звольніць альбо працягнуць працоўныя адносіны з інвалідам наймальнік на працягу трох рабочых дзён абавязаны прадставіць у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне копію загада пра звальненне інваліда або пра яго прыём на працу.

Інвалід, з якім наймальнік пасля заканчэння праходжання адаптацыі да працоўнай дзейнасці не заключыў працоўную дамову або з якім тэрміновая працоўная дамова была скасаваная датэрмінова, можа быць зноў зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Напрыканцы хацелася б адзначыць таксама тое, што ў выпадку не падаўжэння працоўных адносін з інвалідам па заканчэнні адаптацыі да працоўнай дзейнасці, інвалід можа разлічваць толькі на сябе і сваю сям'ю. Такім чынам, механізм ажыццяўлення адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці не арыентаваны на «якасць» адаптацыі, бо адсутнічае далейшае суправаджэнне інваліда, «адаптацыя» не даведзена да свайго лагічнага канца, яна перарываецца.

На мой погляд, паспяховасць адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці складаецца з сукупнасці мераў, што станоўча ўплываюць на яе. Для дасягнення жаданых вынікаў (г.зн. выкананне ў выніку супрацоўнікам патрабаванняў, што прад'яўляюцца да яго пасады) у працэсе адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці, неабходны персанальны падыход да працягласці адаптацыі інваліда з мэтай:

• уключэння інваліда ў міжасобасныя стасункі з калегамі;

• знаёмства з персаналам, карпаратыўнымі правіламі паводзінаў;

• практычнага знаёмства працаўніка са сваімі абавязкамі і патрабаваннямі;

Завяршэнне працэсу адаптацыі характарызуецца паступовым пераадоленнем вытворчых і міжасобасных праблемаў і пераходам да стабільнай працы.